Смаленск увайшоў у склад Беларусі. NEXTA на Белсаце


Суб’ектыўныя навіны тыдня ад блогера Сцяпана Святлова.

Легендарную Лаву Клінтана ў Курапатах канчаткова разбурылі. Рэакцыя міліцыі прыкладна зусім не такая, як у выпадку, калі снежнай бабе прымацавалі бел-чырвона-белы сцяг. Падлеткам, якія за 15 гадзінаў зляпілі велізарную снежную бабу з нацыянальнымі, але непажаданымі для сённяшніх уладаў сімваламі, давялося тлумачацца ў міліцыі: «Міліцыянт спытаў нас, навошта, маўляў, ляпілі, ці не акцыя гэта пратэсту. Мы адказалі, што не. Ён папрасіў зайсці да яго і напісаць тлумачальныя».

Гэта ўжо другі снежны, калі не сказаць смешны разбор за апошні час. Напрыканцы студзеня суд аштрафаваў жыхарку Берасця на 25 рублёў за тое, што снежную бабу зляпілі ейныя дзеці. Згадванне акумулятарнага заводу на ёй праваахоўнікі палічылі несанкцыянаванай акцыяй пратэсту.

«Мы нават не казалі нічога і не дэманстравалі, хаця маем на гэта поўнае права», – заяўляла аштрафаваная Юлія Нічыпарук.

Баіцца беларуская міліцыя не толькі снежных баб, але і плюшавых цацак. Сем гадоў таму зайчыкі ды мядзведзікі патрабавалі ў цэнтры Менску годных заробкаў, вызвалення палітзняволеных і свабоды слова. Вынік – 10 содняў арышту. Праўда, не для цацак, а для актывіста Паўла Вінаградава, які наагул у акцыі ўдзелу не браў. Не пратэставаў перад будынкам МУС і Пятро Маркелаў. За вось гэты здымак, які нечакана для гора-міліцыянтаў апынуўся фоташопам, актывіста тры дні пратрымалі ў ізалятары.

«Улады Беларусі жартаў не разумеюць, бо жарты – гэта першы крок да таго, каб зрабіць нешта прымальным. А свабода слова – гэта нашае асноўнае права, з якога вынікаюць усе іншыя, у тым ліку – права на жыццё», – кажа Пётр Маркелаў, каардынатар «Legalize Belarus».

Аднарукі пляскаў у ладкі, а глуханямы – выгукваў антыдзяржаўныя лозунгі. Гэта не жарты і не выдумкі інфармацыйных ворагаў дзівоснай краіны для жыцця. Гэта афіцыйныя міліцэйскія сведчанні, якім вераць суды. Дарэчы, прэміі за гэтыя справы атрымліваюць не толькі міліцыянты, але і Лукашэнка – як гэта было ў 2013-ым са Шнобэлеўскай узнагародай.