«Слядамі Каліноўскага». Паліцыя ідзе па пятах Яські


Кастусь Каліноўскі не змог замацавацца ў Вільні, а праз кепскія стасункі з мачыхай таксама не мог заставацца ўдома. Ён едзе ў Горадню, дзе і саспявае рашэнне стварыць паўстанцкую арганізацыю менавіта тут. Стратэгічна горад быў не менш важным за Вільню. Падпольная арганізацыя з’явіцца тут у сакавіку 1861 года.

Частка 4. Горадня

«Канстанцін Каліноўскі вяртаецца ў Горадню, апранае, як і Фелікс Ражанскі, сялянскі кажух і выпраўляецца ў падарожжа па вёсках, называючыся Васілём Світкаю. Яны вывучаюць сялянскую грамаду, распаўсюджваюць нелегальныя выданні, вызначаюць кола праблемаў, якія турбуюць сялянаў, а галоўнае – наладжваюць асабістыя сувязі», – піша Васіль Герасімчык у сваёй кнізе пра Кастуся Каліноўскага.

Што праўда, Каліноўскага будуць спрабаваць падцягнуць праз беластоцкую арганізацыю «Кола» на чале з Браніславам Шварцэ пад варшаўскую арганізацыю, тады як ён сам больш схіляецца да Вільні і гарадзенскай самастойнасці. Гэта выклікала канфлікт інтарэсаў.

Ужо 1862 годзе арганізацыя Каліноўскага набірае моцы. Ідзе падрыхтоўка да паўстання. Павінная быць арганізацыя, якая ўлічвае перад усім мясцовыя інтарэсы.

На пераломе чэрвеня–ліпеня выходзіць першы нумар «Мужыцкай праўды», у якой Яська-гаспадар з-пад Вільні тлумачыць простаю мовай сялянам праўду пра рэформу 1861 года. Гэта адразу ж занепакоіла ўлады, якія высветляюць, хто распаўсюджвае газету, і паліцыя распачынае пошукі Каліноўскага.

Навіна пра пачатак паўстання ў Польшчы дойдзе да Каліноўскага ў Вільні.

Неўзабаве ён прыедзе ў Горадню для ўзгаднення далейшых дзеянняў. Спыніцца ў доме на Маставой вуліцы каля манастыра пад прозвішчам Чарноцкага. У сакавіку 1863 года Каліноўскі ізноў у Горадні пад тым жа прозвішчам.

Пасля няўдалай спробы захапіць цягнік Каліноўскі едзе ў Беласток, дзе аб’яўляе сябе камісарам Гарадзенскага ваяводства. Ідзе апошняя падрыхтоўка да пачатку паўстання ў Беларусі і Літве. Каліноўскі канспіруецца ў Беластоку. Тайныя спатканні чальцоў арганізацыі адбываліся ў гатэлі Ромера. Вядзецца збор сродкаў на паўстанне.

Урэшце Каліноўскі вымушаны вярнуцца ў Горадню, каб кантраляваць хаду падрыхтоўкі да паўстання. Аб’язджае паўстанцкія атрады. Ужо пачынаюцца зацятыя баі.

Працяг будзе.

Сяргей Падсасонны belsat.eu

Студыя «Белсат»
«Слядамі Каліноўскага». Чым Каліноўскі зарабляў на жыццё?
2019.11.23 11:00