«Слядамі Каліноўскага». Мастаўляны і два імені Каліноўскага


«Слядамі Каліноўскага» – спецпраект, адмыслова падрыхтаваны з нагоды цырымоніі перапахавання ўдзельнікаў паўстання 1863-64 гадоў. Журналіст «Белсату» Сяргей Падсасонны наведаў 5 найважнейшых мясцінаў з жыцця Кастуся Каліноўскага.

Частка 1. Мастаўляны.

Увечары 21 студзеня – 2 лютага па новым стылі – 1838 года ў Мастаўлянах Гарадзенскага павету (цяпер гэта Польшча) нарадзіўся Кастусь Каліноўскі. Хрысцілі ў мястэчку Ялоўка (дзе бралі шлюб ягоныя бацькі) у драўляным парафіяльным касцёле Міхаіла Архангела, ахрысцілі Вінцэнтам, а пасля назвалі і Кастусём.

Другое імя і будзе выкарыстоўвацца часцей ды сярод самых блізкіх. Гісторык Васіль Герасімчык піша:

«Быццам старажытнарымскі бог Янус, меў два ўвасабленні – адно ў адносінах з дзяржавай, другое – для самых блізкіх людзей. Так ужо з маленства гартавалася асоба таленавітага канспіратара, кіраўніка паўстання ў Беларусі і Літве».

Але менавіта Кастусь – было блізкім, зразумелым і простым. Асоба і легенда спалучаліся ў Каліноўскім ад самага пачатку. Усяго нарадзілася 12 дзяцей у сям’і. Дзеці, штопраўда, будуць паміраць адзін за адным. Маці таксама памерла ў часе апошніх родаў. Кастусю толькі 5 гадоў. Узорам для яго стаў старэйшы брат Віктар.

Бацька стварыў фабрыку тканінаў у Мастаўлянах. Часам яго называлі ткачом, гэта перайшло і на сына – «сын ткача», што пасля паўстання стала аргументам адасоблівання ад шляхты ды падставай для меркавання пра беларускія карані Каліноўскага. Гісторык Васіль Герасімчык:

«Паабапал дарогі ў маёнтак Мастаўляны размясціўся стары сад, большую частку якога складалі ліпы і грабы, разбаўленыя плямінамі клёнаў, ясеняў, бяроз ды асін. Сам маёнтак з садам меў форму трапецыі, блізкай да прамавугольніка, які на захадзе абапіраўся на ўзгорак, а больш шырокім бокам злучаўся з лугам каля ракі. Побач са Свіслаччу мелася выкапаная сажалка, што напаўнялася яе вадою. Сядзіба была пабудавана на мяжы сада і гаспадарчага двара, сярод пабудоў якога вылучаўся драўляны будынак фабрыкі. З вокнаў дому, абсаджанага белымі конскімі каштанамі, адкрываўся маляўнічы краявід ракі Свіслач».

У сям’і гаварылі па-польску з мяшанкай беларускіх словаў. Аднак гутаркі з сялянамі патрабавалі ведання і іх мовы. Кастусь іх засвоіў так добра, што пазней нават атрымаў мянушку «хлоп» – мужык…

Працяг будзе.

Сяргей Падсасонны belsat.eu

Студыя «Белсат»
«Слядамі Каліноўскага». Дзе Каліноўскі вырашыў стаць паўстанцам?
2019.11.22 23:54