«Слядамі Каліноўскага». Чаму Каліноўскага называлі дыктатарам?


2 сакавіка 1861 года Кастусь Каліноўскі прыязджае на службу ў Вільню. Уліваецца ў грамадскае жыццё. Вядзе палітычныя дыскусіі. І яшчэ не ведае, што пасады не атрымае, нібыта з прычыны «адсутнасці вакансіяў». Для з’яўлення такіх вакансіяў неабходныя былі хабар і пратэкцыя.

Частка 5. Вільня

Тут, у доме Шышкіна на Вялікай вуліцы, адбылася сустрэча з Марыяй Ямант. Гэта ёй Каліноўскі напіша: «Марыська чарноброва, галубка мая».

Псеўдаадмена прыгоннага права, незадаволенне сялянаў, крывавыя разгоны пратэстаў у Варшаве змушаюць ехаць у Якушоўку, каб пабачыць, што насамрэч адбываецца. У Вільні Каліноўскі будзе жыць з перапынкамі, будзе прыязджаць.

У 1862 годзе Канстанцін заручаецца з Марыяй Ямант, у прысутнасці блізкіх дае каханай пярсцёнак. У доме Даўкшы на Дамініканскай вуліцы восенню 1862 года будуць тачыцца гарачыя спрэчкі пра лёс паўстання і ягоную праграму. Паўстане Літоўскі правінцыянальны камітэт, у склад якога ўвойдзе і сам Каліноўскі.

У Вільню Кастусь будзе ўцякаць ад пошукаў паліцыі. Ён паселіцца на Зарэччы, насупраць касцёла святога Варфаламея. А ў студзені 1863 з’едзе ў дом Кільчэўскай каля Баніфратараў: сюды прыйдзе навіна з Цэнтральнага камітэту ў Варшаве пра пачатак паўстання 10 студзеня.

Дзе дакладна друкавалася «Мужыцкая праўда» – ёсць розныя меркаванні. Аўтараў напэўна было некалькі. Ненадрукаваны нумар знайшлі толькі ў 1989 годзе, 30 гадоў таму, у бернардынскім касцёле Святога Францыска Асізскага. Яшчэ адна знаходка чакала ў Вільні да 1960 года, на гарышчы дому нумар 31 па вуліцы Горкага. Падчас рамонту там таксама знайшлі «Мужыцкую праўду», друкаваную і рукапісную.

Зноў у Вільню Каліноўскі вярнуўся ў чэрвені 1863 года, калі стала вядома пра шматлікія арышты тут. Ён будзе пераконваць Варшаву ў неабходнасці незалежнасці Літвы і аддання зямлі беларускім сялянам. За гэта атрымлівае званне «дыктатара паўстання ў Беларусі і Літве»…

Апошні год жыцця Каліноўскі правёў у Вільні. Гісторык Васіль Герасімчык піша:

«У кастрычніку Каліноўскі пад імем Вітажэнца жыў спачатку некалькі дзён у віленскай гасцініцы Пузыны, а затым у сярэдзіне месяца здымае кватэру пад № 16 у чыноўніка Жаброўскага ў «гімназіяльным доме пры Замкавай вуліцы» – так званыя Святаянскія муры».

Кола пераследу звужаецца, пакаралі смерцю бліжэйшых паплечнікаў.

«У канцы кастрычніка-пачатку снежня Каліноўскі начуе на канспіратыўнай кватэры на Зарэчнай вуліцы, але дом неспадзявана акружылі паліцыянты і салдаты. Канстанцін выбраўся ў бялізне праз акно на пакрыты шыферам дах і, пакуль праводзіўся вобыск, знаходзіўся там».

Гэтым разам атрымалася пазбегчы арышту. Яму раяць выехаць за мяжу – Кастусь адмаўляецца. 9 лютага 1864 года яго арыштавалі. Паколькі не было дакладнага адраса, дзве роты салдат ачапілі ўвесь Святаянскі квартал. А далей будуць допыты і катаванні. Вырак расстрэлу заменены на павешанне. Гэта здарылася ў Вільні на Лукішскай плошчы 10 сакавіка а 10:30 раніцы.

Цела перавезлі ў цытадэль на Замкавай гары і схавалі ад людзей, каб месца пахавання не стала мемарыялам. Кастусю Каліноўскаму было ўсяго 26 гадоў.

Сяргей Падсасонны belsat.eu

«Слядамі Каліноўскага» – спецпраект, адмыслова падрыхтаваны з нагоды цырымоніі перапахавання ўдзельнікаў паўстання 1863-64 гадоў. Журналіст «Белсату» Сяргей Падсасонны наведаў 5 найважнейшых мясцінаў з жыцця Кастуся Каліноўскага.

Студыя «Белсат»
«Слядамі Каліноўскага». Паліцыя ідзе па пятах Яські
2019.11.25 18:25