Скульптарка распавяла, як выглядае новы мемарыял у Курапатах


Ва ўрочышчы Курапаты ўсталявалі помнік ахвярам сталінскіх рэпрэсіяў. Гэтым разам ініцыятыва зыходзіла не ад неабыякавых беларусаў, а ад дзяржавы, грошы збірала Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі. Такім чынам за 30 год ад дня адкрыцця праўды пра Курапаты, улады нарэшце вырашылі гэтае месца годна ўшанаваць. Вольга Чайчыц сачыла сёння за працамі на месцы падзеяў:

«Сам знак, як кажуць стваральнікі, зроблены так, каб не парушаць тую кампазіцыю з крыжоў, якая складзеная тут, але не ўсе з гэтым згодныя. Шмат хто з абаронцаў кажа, што гэтае месца (Галгофа) – выключна для крыжоў…»

Увагу дзяржавы да Курапатаў беларусы ўспрымаюць па-рознаму. Алесь Чахольскі, кіраўнік грамадскай дырэкцыі народнага мемарыялу «Курапаты» з намі на сувязі. Спадар Алесь, як вы ставіцеся да помніка які сёння пачалі ўсталёўваць на грошы прафсаюзаў?

«Гэты помнік, вы ж бачыце, яны ставяць сёння, да заўтрашняга сатанінскага дня, бальшавіцкага перавароту ў Расеі. Гэта таксама сімвалічна. Тое, што адбываецца зараз у Курапатах сведчыць аб спробе дзяржавы ў гэту святыню нашу, мемарыял увезці і разбурыць яго…»

З крытыкай помніку, які ставяць у Курапатах выступіла шмат грамадскіх дзеячаў. Асудзіў яго і адкрыўца месца масавых расстрэлаў Зянон Пазняк. Каб пачуць і іншы бок гэтае справы Сяргей Падсасонны сустрэўся ўдзень са скульптаркай і адной з аўтараў помніка Вольгай Нячай. Запіс гэтае размовы прапануем вашай увазе.

«У аснову мы ўзялі такі сакральны сімвал як капліца. Але паколькі гэта традыцыйны сімвал памяці, мы імкнуліся пазбавіцца ў гэтай капліцы ад нейкага канкрэтнага сакральнага вобразу, таму што ў Курапатах ляжаць людзі розных канфесіяў. Гэта не было вынішчэнне людзей адной канфесіі ці адной нацыянальнасці, гэта была агульная страта, таму ў вобразе мы намагаліся пазбавіцца ад нейкай канкрэтнай рэлігійнай сімволікі. Па канструкцыі гэта капліца, якая стаіць на 4 слупах, у аснове якой ляжыць наш традыцыйны сімвал продкаў, на якім трымаецца маўклівы звон…»

Працяг размоваў – у сюжэце.