Скандал у ЗША: Трамп падзяліўся з Лаўровым сакрэтнай інфармацыяй пра ІД


Амерыканскія выданні Washington Post ды New York Times са спасылкай на неназваныя крыніцы ў адміністрацыі Доналда Трампа паведамляюць, што падчас сустрэчы прэзідэнта ЗША з міністрам замежных справаў Расеі Сяргеем Лаўровым амерыканскі лідар нібыта пахваліўся, што Вашынгтон валодае невядомымі раней звесткамі пра тэрарыстычную групоўку «Ісламская дзяржава».

Таемныя звесткі адносна тэрарыстычнай групоўкі «Ісламская дзяржава» мелі прагучаць у Вашынгтоне падчас сустрэчы з кіраўніком расейскай дыпламатыі Сяргеем Лаўровым. Белы дом гэты факт катэгарычна адмаўляе.

«Я асабіста прысутнічаў пры гэтай сустрэчы. Прэзідэнт і міністр замежных справаў Расеі размаўлялі аб агульных пагрозах з боку тэрарыстычных арганізацыяў і пра тое, што да іх ліку трэба аднесці пагрозы авіяцыі, – заявіў дарадца прэзідэнта ЗША ў нацыянальнай бяспецы Рэйманд Макмастэр. – На працягу ўсёй гутаркі не было ніякіх абмеркаванняў крыніцаў выведніцкіх звестак ды не раскрывалася аніякай інфармацыі аб якіх-небудзь ваенных аперацыях, якія не былі б ужо вядомыя грамадскасці раней».

Паводле журналістаў, раскрытая інфармацыя адносна «Ісламскай дзяржавы» можа выявіць крыніцу і метад яе збору, а таксама ставіць пад пагрозу далейшы давер хаўруснікаў ЗША да адміністрацыі Трампа. Больш за тое, гэткая інфармацыя, паводле выданняў, была вядомая толькі вельмі вузкаму колу асобаў у Белым доме, а таму ёсць звышсакрэтнай.

«Гэта небяспечна і безразважна. Рэспубліканская партыя мусіць паставіць краіну перад фактам і патрабаваць незалежнага пракурорскага расследавання гэтай справы», – заявіў сенатар ЗША Рычард Дэрбін.

Паводле крытыкаў Трампа, інцыдэнт можа мець вельмі непрыемныя наступствы для Белага дому, асабліва з увагі на той факт, што абвінавачванні на адрас суперніцы амерыканскага лідара падчас прэзідэнцкіх выбараў Гілары Клінтан, электроннае ліставанне якой узламалі крамлёўскія хакеры, гучалі ад рэспубліканцаў неаднаразова. Сенатары-рэспубліканцы Джон Маккейн і Ліндзі Грэям у супольнай заяве адмовіліся каментаваць гэтую інфармацыю, пакуль адносна яе не з’явіцца больш дадзеных.

«Мы, безумоўна, не хочам, каб прэзідэнт распаўсюджваў сакрэтныя звесткі, але прэзідэнт сапраўды мае права рабіць гэта, бо ён – галоўнакамандуючы Узброенымі сіламі ЗША», – кажа сенатар Джон Маккейн.

Уласна сам прэзідэнт Злучаных Штатаў сёння заявіў, што меў поўнае права дзяліцца інфармацыяй з Расеяй падчас перамоваў у Вашынгтоне. Аднак нават калі Трамп і не агучваў нейкай сакрэтнай інфармацыі расейцам адносна «Ісламскай дзяржавы», то сувязь з Крамлём адмыслоўцамі не выключаецца. Бо акурат цяпер Федэральнае бюро расследаванняў вывучае магчымыя сувязі Масквы з выбарчым штабам Доналда Трампа.

Віталь Бабін, фота вокладкі – Jonathan Ernst/REUTERS