Скандал у беларускім футболе: Сяргей Гурэнка пасварыўся з суддзямі


Беларускі футбольны чэмпіянат паволі набліжаецца да фінішу. Адразу два прынцыповыя двубоі, якія падарылі заўзятарам, гульцам і трэнерам безліч эмоцыяў, адбыліся на днях. У сераду горача было ў Берасці, а ў нядзелю – у Менску.

Еўрапейская футбольная атмасфера на самай мяжы з Еўразвязам. Матч берасцейскага «Дынама» і БАТЭ, якія сёлета адчайна змагаюцца за золата, адназначна ўвойдзе ў гісторыю айчыннага футболу. Квіткі на яго раскупілі за пару гадзінаў. Калі яшчэ вакол матчу нашага чэмпіянату быў такі ажыятаж?

Каманды ў такім антуражы проста не мелі права згуляць дрэнна – і сапраўды паказалі класны футбол. Вынікам стала нічыя – 1:1. На гол берасцейца Гардзейчука, які не так даўно сам гуляў за БАТЭ, адказаў Драгун. Такім чынам, ранейшая перавага Берасця над Барысавам на 5 пунктаў засталася нязменнай. Але БАТЭ мае матч у запасе.

Яшчэ адна цікавая афіша тыдня – менскае «Дынама» супраць салігорскага «Шахцёра». Салігорцы яшчэ захоўваюць пэўныя шанцы на золата, а вось менчукі іх, напэўна, ужо не маюць. Дый зачапіцца за тройку сталічным футбалістам будзе цяжка – надта вялікае адставанне. Нават заўзятары ФК «Дынама» (Менск) прызнаюць, што сёлета на значныя дасягненні сваіх улюбёнцаў ужо не разлічваюць:

«Гэта было зразумела яшчэ перад пачаткам сезону, што за чэмпіёнства будуць змагацца тры каманды. А наша будзе даганяць. Вы разумееце, што сёння ў футбол гуляюць тыя каманды, якія маюць грошы. У нашай каманды сёлета грошай няма, таму мы гуляем дрэнна».

«Трэба не ныць, а ствараць каманду. А мы ўжо з 2004 года, калі апошні раз былі чэмпіёнамі, чакаем золата. Сёлета аб’ектыўна мы зноў не разлічваем на чэмпіёнства, але чакаем, каб нашыя саюзнікі з берасцейскага «Дынама» зрынулі з п’едэсталу БАТЭ».

Перамога ў змаганні з «гарнякамі» магла б падарыць «бела-блакітным» надзею хаця б на бронзу. Але не склалася. У першым тайме ў браму гаспадароў трапна стрэліў Дарка Бодул, а перад самым перапынкам адбыўся найбольш скандальны эпізод матчу. Галоўны трэнер дынамаўцаў Сяргей Гурэнка занадта эмацыйна выказваў суддзі сваю незадаволенасць ягонай працай. У выніку пабачыў перад сабою чырвоную картку.

Сяргей Гурэнка, галоўны трэнер ФК «Дынама» (Менск):

«Тое, што рабіў суддзя, – гэта верх непрафесіяналізму. Але іх жа нехта рыхтуе, нехта прызначае. Дык можа яны таксама павінны адказаць за гэта?»

У другім тайме, за якім Гурэнка назіраў ужо з трыбуны, суддзя спачатку адмяніў гол у браму «Шахцёра» з-за афсайду, а неўзабаве прызначыў у тую ж браму пенальці, які рэалізаваў Даніла. Такім чынам, у гэтым прынцыповым двубоі таксама была зафіксаваная нічыя 1:1. Але пасля матчу мала хто абмяркоўваў гульню і вынік. Пераважна – паводзіны Сяргея Гурэнкі:

– Не шкадуеце, што не стрымаліся ў першым тайме? Напэўна, будзеце прапускаць наступны матч…

– Ды нічога, буду бліжэй да народу. Можам разам з суддзём паглядзець, думаю яго таксама дыскваліфікуюць, як і мяне.

Вось такім наэлектрызаваным атрымаўся мінулы тыдзень у нашым футбольным першынстве. Шкада толькі, што падобная атмасфера пануе пераважна на матчах топавай чацвёркі. Клубам-сераднякам жа па-ранейшаму бракуе як заўзятараў на трыбунах, так і грошай.

Дзяніс Ганчарэнка belsat.eu