СКА ставіць на беларусаў, а БГК імя Мяшкова мае пару месяцаў на адаптацыю


Барысаўскі БАТЭ станавіўся чэмпіёнам краіны па футболе – 13 разоў запар, Берасцейскі гандбольны клуб шэсць сезонаў у адзін шэраг прымяраў залатыя ўзнагароды нацыянальных лідараў. Прэтэндэнтаў на тое, каб зрынуць забранзавелых авангардаў з п’едэсталу не шмат, але сёлета яны заявілі пра сябе больш яскрава.

Для пачатку – гандбалісты менскага СКА ўпершыню з 2012 года забралі ў «мяшкоўцаў» тытул уладальнікаў Кубка краіны па гандболе сярод мужчынскіх камандаў у траўні, калі гульні за другі нацыянальны трафей упершыню былі ў Магілёве. І працягнулі замацоўваць амбіцыі, якія збіраюцца матэрыялізаваць ужо ў найбліжэйшым чэмпіянаце краіны. Намацаўшы слабіны ў БГК, менчукі ўжо амаль гатовыя, прынамсі паводле тых самых амбіцыяў, пазмагацца з «мяшкоўцамі» за чэмпіёнства.

Андрэй Крайноў, старшыня ГК СКА (Менск):

«Пасля сыходу плеяды 5-6 гульцоў летась мы разумелі, што будзе нам вельмі цяжка. Тыя задачы, якія мы ставілі, не скажу, што выканалі ў поўным абʼёме, але мы паглядзелі ды ацанілі сваю каманду ў плане гульцоў, якіх мы ці пакідаем сёлета, ці распачынаем шукаць новых людзей, якія ўзмоцняць нашую гульню. Вы ж ведаеце нашую палітыку, што мы не глядзім у бок легіянераў. Таму будзем узмацняцца толькі сваймі гульцамі, з нашай фармкаманды. (…) Думаю, што мы задачы будзем ставіць самыя амбіцыйныя – гэта барацьба за золата чэмпіянату і добры выступ у Еўрапейскіх кубках – гэта праход у групу, і думаю, што ў нас усё атрымаецца».

Паводле Андрэя Крайнова, каманда працуе, і штаб працуе, трэба проста час і людзі, каб заставаліся ў клубе хоць бы на некалькі сезонаў.

«Мы нават беларускімі гульцамі здолелі канкураваць з топ-камандаю Лігі чэмпіёнаў. Але гэта гульня. Тут сёння мяч мы выгулялі, заўтра Берасце мяч выгуляла, а 10 мячоў калі мы выгулялі ў Берасці? Гэта хіба не канкурэнцыя? Гэта канкурэнцыя», – кажа Андрэй Крайноў.

Гэтак, у СКА сапраўды цяпер не стае такіх гульцоў, як Нікуленкаў. Але сёлета следам за Дзмітрыем у Менск з Берасця перабраўся і Сяргей Шыловіч. На кутах дапамагаюць усцяж Іван Броўка ды цяпер і Дзяніс Рутэнка. Плюс маладыя ды перспектыўныя.

Аляксей Ушал, лінейны ГК СКА (Менск):

«Усе кажуць: маладая перспектыўная каманда. Не хацеў бы паўтарацца. Ёсць дасведчаныя хлопцы, ёсць больш маладыя, моладзь расце, бярэ штосьці ад больш дасведчаных, дасведчаныя таксама бяруць нешта ад моладзі. СКА заўсёды быў цікавай камандай, былі беларусы, але цяпер у нас яшчэ і легіянеры зʼявіліся, СКА базавы клуб зборнай».

Дзмітрый Нікуленка, разыграўца ГК СКА (Менск):

«Я бачу вельмі станоўчае ў тым, што маладыя гульцы пачынаюць расці як грыбы, і спадзяюся, што ў наступным годзе гэта можа быць зусім іншая каманда – і ментальна, і фізічна, і на пляцоўцы будзе паказваць зусім іншы гандбол».

Сёлета сышлі шэраг гульцоў задняй лініі, знайшоўшы больш грашовыя прапановы. Каманда зноў паднавілася. Але, што цікава, клуб СКА (Менск) пры тым, што толькі віцэ-чэмпіён краіны, – базавы клуб нацыянальнай зборнай. Бо Берасце – каманда легіянераў. Дарэчы, днямі з адпачынку выйшлі і «мяшкоўцы». На іхным першым занятку прысутнічаў Алесь Ляўчук.

БГК імя Мяшкова: «На адаптацыю – пару месяцаў»

Цяпер мяшкоўцы працуюць у родным горадзе пад кіраўніцтвам іспанскіх трэнераў Рауля Алёнса і Сэбастʼя Сальвата. У параўнанні з мінулым сезонам склад берасцейцаў абнавіўся амаль на траціну. Упершыню БГК змог падпісаць сапраўдную зорку – француз Вільям Акамбрэ перамагаў на Алімпіядзе, чэмпіянаце Еўропы і на трох чэмпіянатах свету. Вільям кажа, што ён хоча перамагаць яшчэ, таму і прыехаў у Беларусь:

«Я меў прапановы з Францыі да іншых краін, але з Берасце стала для мяне найлепшым варыянтам. Яны гуляюць у Лізе чэмпіёнаў, мы маем добрую каманду. Думаю, цяпер БГК Мяшкова адна з найлепшых каманд Еўропы», – кажа левы паўсярэдні БГК Вільям Акамбрэ.

На сёння самае слабое месца берасцейцаў пасля сыходу экс-капітана Сяргея Шыловіча – пазіцыя правага паўсярэдняга. Тут толькі басніец Марка Паніч і малады беларус Ягор Будзейка. Затое ў мяшкоўцаў па чатыры чалавекі на пазіцыю лінейных і разыграўцаў. Спартовы дырэктар клубу Павел Башкін кажа, што новая каманда толькі пачынае складацца.

Павел Башкін, спартовы дырэктар БГК імя Мяшкова:

«Моцна змянілася лінія левых паўсярэдніх – да нас прыйшлі Акамбрэ ды Абранавіч. Як усё складзецца – пакуль рана казаць. Мы рэальна правялі зусім мала трэнінгаў разам. Гандбольных заняткаў зусім яшчэ не было. Таму, як што атрымаецца, – паглядзім. Спачатку працуем тут у Берасці. 4 жніўня зʼязджаем у Славенію. Там правядзем асноўны збор з ухілам на фізічную падрыхтоўку. Магчыма згуляем адзін-два кантрольных матчы. Пасля гэтага пераязджаем у падмаскоўны горад Чэхаў, гуляем там турнір. І вяртаемся, гуляем тут традыцыйны турнір «Бегазпрамбанку», у якім, як звычайна, заўзятары ўпершыню ў сезоне ўбачаць каманду ўжывую».

Даўгавечнік берасцейцаў Максім Баранаў адзначае, што працэс замены адных гульцоў на іншых – цалкам натуральная рэч:

«Сама рэгенерацыя вось гэтая, перабудаванне, будуць займаць кавалак часу, таму патрэбна пару месяцаў, пакуль адаптуемся, пакуль нагуляем свае тактычныя моманты. Яшчэ крыху часу – і будзе ўжо значна лепей».

Да сурʼёзных баёў яшчэ далёка. Трэба добра папрацаваць улетку, каб у належным стане падыйсці да гарачай восені, калі адновяцца матчы Лігі чэмпіёнаў ЕГФ ды СЭГА-лігі.

Аляксандр Пуціла, Алесь Ляўчук, belsat.eu