Сірыя: Асад атручвае паўстанцаў газам


Падобныя бамбаванні бочкамі з запальнай сумессю, або выбухоўкай – сталіся традыцыяй за гады вайны. Але гэтым разам на Алепа, вакол якога вядуцца цяжкія баі ўрадавых войскаў, паўстанцаў і ісламістаў упалі таксама і іншыя бомбы. Мясцовыя кажуць, што замест агню з іх вылецеў атручвальны газ.

«Бамбаванні выклікалі вялізарныя разбурэнні, ды, як бачыце, у некаторых бочках быў хларын. У нас вельмі шмат пацярпелых, шмат дзяцей атруцілася. У гэтым раёне жывуць цывільныя, і няма ніякіх вайсковых аб’ектаў», – кажа журналістам адзін з жыхароў Алепа.

Алепа ўжо ў другі раз стала цэллю газавых атак. Сёлета тэрарысты гэтак званай Ісламскай дзяржавы распылілі ў прадмесцях гораду гарчычны газ. Сотні мірных жыхароў загінулі тры гады таму ў Дамаску, калі лаяльныя Башару аль-Асаду войскі распылілі газ зарын. Пасля чаго былі абавязаныя знішчыць усю хімічную зброю. У сваю чаргу хларын, які нібыта быў выкарыстаны ў апошняй атацы, нягледзячы на сваю таксічнасць не ўваходзіць у спіс забароненай хімічнай зброі. Што ніяк не апраўдвае бамбаванні мірных жыхароў.

«Дзе тут тэрарысты? Можа, мы тэрарысты? Тут жывуць мірныя людзі. А гэтая жывёла атручаная, яна не памерла сама па сабе. Хай той, хто гэта зрабіў, ведае, што ад Алаха не ўцячы!», – заяўляе мясцовы жыхар.

Як вынікае са справаздачы адмысловай камісіі ААН, цягам апошняга паўгоддзя цывільныя страты рэзка выраслі. Падлічыць іх дакладна не ўяўляецца магчымым з-за знішчанай інфраструктуры і няспынных баявых дзеянняў.

Сябра незалежнай камісіі ААН аб стратах у Сірыі Вітыт Мунтарбгорн лічыць, што цывільныя церпяць ад усіх бакоў канфлікту.

«Мы памятаем і пра авіяўдары міжнароднай кааліцыі таксама. У гэтай вайне ўдзельнічае процьма бакоў. Артылерыйскія абстрэлы антыўрадавых сілаў, а таксама тэрарыстычнай групоўкі «ан-Нусра» таксам выклікалі шмат ахвяраў сярод мірнага насельніцтва і знішчалі цывільную інфраструктуру», – кажа Мунтарбгорн.

Са справаздачы ААН вынікае, што агулам ні адзін бок канфлікту ня можа пахваліцца тым, што на ягоных руках няма крыві мірных сірыйцаў, хаця абсалютная большасць такіх стратаў прыпадае на тэрарыстаў і праўрадавыя войскі. Міністр замежных справаў Борыс Джонсан заклікаў Маскву прыпыніць падтрыманне Башара аль Асада

«Гэта менавіта ягоная, Асада машына смерці і ў выніку ягоная асабістая барацьба за палітычнае выжыванне. Нават расейцы пагадзіліся з тым, што неабходны палітычны пераходны перыяд. Аднак тыя ж расейцы выкарыстоўваюць свае вайсковыя цягліцы, каб не дапусціць ягонай паразы», – лічыць Джонсан.

На гэты момант у раёнах баявых дзеянняў без шанца на кваліфікаваную медычную дапамогу, не кажучы ўжо пра абарону базавых правоў асобы, застаюцца каля 600 тыс. чалавек.

Усевалад Шлыкаў