Швейцарцы падлічылі заробкі беларусаў


І яшчэ адна тэма – пра эканамічнае дно. Дакладней, пра дно гаманца звычайнага беларуса. Зазірнулі ў яго, што цікава, швейцарскія эксперты і пабачылі там толькі 61 долар ЗША. Менавіта столькі штомесяц застаецца ў сярэдняга беларуса пасля аплачвання ўсіх абавязковых выдаткаў. На што можна патраціць такія сціплыя грошы? І куды сыходзіць самая вялікая частка заробку? Высвятляў Аляксандр Папко.

1510 долараў на год або 125 долараў на месяц – маёмасцю на такую суму, паводле экспертаў даследчага інстытуту «Крэдзі Сўіс», можа распараджацца сярэднестатыстычны беларус пасля адлічэння ўсіх выдаткаў. Але ёсць і іншая лічба – 61 долар. Менавіта столькі найчасцей застаецца ў нашых кішэнях.

Паводле ўзроўню чыстых актываў швейцарцы паставілі беларусаў у адзін шэраг з украінцамі, таджыкамі, бірманцамі і жыхарамі Буркіна-Фасо.

«Абсалютным лічбам «Credit Suisse» давяраць даволі цяжка. Хоць гэта сур’ёзная арганізацыя, але ў іх, як яны самі прызнаюцца, не хапае звестак, каб даць дакладныя колькасныя паказнікі. Чаму можна давяраць – дык гэта дынаміцы. Агулам дабрабыт беларусаў істотна пагоршыўся», – распавядае эканамічны аглядальнік Станіслаў Івашкевіч.

Нягледзячы на недакладныя метады падліку, агучаная швейцарскімі навукоўцамі сума 61 долар або 130 рублёў выявілася блізкаю да той, якая застаецца ў гаманцы беларуса. А вось што кажуць жыхары Віцебску:

«Так яно і ёсць на самой справе. А бывае, і менш застаецца».

«Калі ў мяне пенсія 400, то не 150, а 350 рублёў! Няхай вам галавы не дураць!»

«Гэта немагчыма – з заробку адкладаць грошы. Камунальныя паслугі, прадукты, рэчы – і на гэтым усё».

«Калі ў каго з нашай адміністрацыі дастатковая зарплата – тады так. А простаму працаўніку ўжо адкладваць няма чаго».

На што ж сыходзіць большая частка грошай? У асноўным – на ежу. На яе прыходзяцца 40 адсоткаў выдаткаў беларусаў. Доля ежы ў расходах жыхароў суседняй Польшчы амаль удвая меншая. Чым багацейшае грамадства, тым меншую долю людзі выдаюць на прадукты харчавання. Як бачна, паводле гэтага паказніку Беларусь значна адстае ад заходніх суседзяў.

Акрамя ежы, значнымі выдаткамі беларусаў ёсць жыллёва-камунальная гаспадарка, транспарт і сувязь. На спорт і культуру нашы суайчыннікі трацяць утрая менш, чымся на вопратку. У суседняй Польшчы – наадварот. На культуру ды здаровы лад жыцця палякі выдаткоўваюць больш, чым на прадметы першай неабходнасці.

«У параўнанні з жыхарамі багатых краінаў мы абмежаваныя ў магчымасці падарожнічаць, ашчаджаць, магчымасцях якасна лячыцца, наведваць нейкія цікавыя, але дарагаватыя для беларуса імпрэзы. Тым больш, для сярэдняга беларуса не можа быць гаворкі аб прадметах раскошы», – кажа сацыёлаг Наталля Рабава.

На што ж беларусы адкладаюць свае сціплыя сродкі, калі яны застаюцца?

«Нехта на адпачынак, нехта на будучыню дзяцей – на іхнае навучанне».

«На адпачынак, але і тое не атрымліваецца. Не кожны год».

«Трацім, бо трэба жыць сённяшнім днём, а не адкладаць, пакуль ты памрэш. Як памру – пахаваюць!»

Вінаватая ў такім незайздросным становішчы перш за ўсё эканамічная палітыка ўладаў, накіраваная на захаванне стратных дзяржаўных прадпрыемстваў.

«Гэта забірае рэсурсы з эфектыўнага прыватнага сектару, які на тыя ж самыя грошы мог бы стварыць у разы больш высокааплатных працоўных месцаў», – дадае эканамічны аглядальнік Станіслаў Івашкевіч.

Аднак сам кіраўнік дзяржавы неаднаразова заяўляў, што перадаваць эканоміку ў прыватныя рукі не збіраецца. Таму беларусам надалей прыйдзецца мірыцца з невысокімі заробкамі і немагчымасцю ашчаджаць.

 

Аб выніках даследавання швейцарскіх экспертаў паразмаўляем з эканамістам Леанідам Заікам:

«У Беларусі пасля 2014 года даходы знізіліся ў 2 разы. Заробак быў і 30 долараў, пасля ён стаў 600 да 2014 года, а гэта вялікі ўзрост. А цяпер, пасля таго, як сталася такое падзенне, да 2018 года намінальны заробак вырас у 2018 годзе на 19%, а цяпер на 17%, пры росце ВУП прыкладна на 3,7%. Калі б у якойсьці краіне на 17% вырас заробак, то Меркель паставілі б залаты помнік, а Трампа зрабілі б героем краіны. Сітуацыя дзіўная, таму што даходы нібы «грохнуліся», улады зрабілі выгляд, што нічога не сталася, а людзі не разумеюць, што з імі здараецца. У гэтым спецыфіка сітуацыі…»

Фота: Viktor Drachev / TASS / FORUM