Шуневіча пакрыўдзілі. За крытыку міліцыі будуць саджаць?


Упершыню ў гісторыі незалежнай Беларусі чалавека будуць судзіць за распальванне варажнечы ў дачыненні міліцыянтаў. Любая крытыка сілавікоў цяпер можа скончыцца крымінальнай адказнасцю?

25 верасня за закрытымі дзвярыма адбудзецца суд, які можа змяніць жыццё шмат каго ў Беларусі. Актывіста анархісцкага руху Змітра Паліенку абвінавачваюць адразу паводле пяці крымінальных артыкулаў. Але самае трывожнае, на думку ягонага паплечніка Вячаслава Касінерава, госця Святланы Калінкінай у праграме «Размова», – гэта тое, што інкрымінуецца распальванне варажнечы супраць міліцыянтаў, а значыць сілавікоў фактычна прыраўнялі да сацыяльнай групы.

«У перспектыве гэта пагражае кожнаму, хто спрабуе выказацца супраць гвалту, супраць нейкага цемрашальства з боку супрацоўнікаў МУС, бо за крытыку нейкую ўжо гіпатэтычна можна прыцягнуць чалавека да крымінальнай адказнасці», – тлумачыць Вячаслаў Касінераў.

Пры гэтым актывіст зазначае, што ёсць сур’ёзныя падставы меркаваць: справа супраць Паліенкі – сфабрыкаваная.

«Не ведаю, наколькі гэта замова менавіта Шуневіча [былога міністра ўнутраных справаў – рэд.], але мы здымалі ролік пра Змітра, і шматлікія актывісты апазіцыйных рухаў неаднаразова казалі, што калі ўдзельнічалі ў пікетах са Змітром, неаднаразова да яго падыходзілі міліцыянты і казалі: «З апазіцыяй мы неяк будзем разбірацца, але ты канкрэтна сядзеш. Зараз, потым, ты сядзеш». І гэтыя пагрозы гучалі ўвесь час. І Шуневіч ці не Шуневіч, але дакладна мы разумеем, што сістэма вельмі раззлаваная на Змітра».

Чаму Змітра Паліенку не прызнаюць палітзняволеным і чаму ягоная справа можа датычыць кожнага? Адказы шукайце ў «Размове» Святланы Калінкінай і актывіста анархісцкага руху Вячаслава Касінерава.

Спецыяльна для тых, каму зручней слухаць, а не глядзець, «Размова» запускае падкасты. Калі вы займаецеся хатнімі справамі, кіруеце машынай ці проста не жадаеце сачыць за мільгаценнем кадраў – гэта для вас.

Праграма «Размова» выходзіць на «Белсаце» з панядзелка да чацвярга а 21:20. Глядзіце праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн і ў архіве на нашай старонцы.

А таксама падпісвайцеся на «Размову» ў Facebook, ВКонтакте, «Одноклассниках», Twitter, Instagram і Telegram.