Штраф заплаціць кожны дзясяты. NEXTA на Белсаце


100 мільёнаў рублёў. Менавіта на такую суму нас усіх маюць аштрафаваць у 2019-м. Гэта афіцыйныя планы ўраду – адпаведную суму заклалі ў бюджэт.

Аштрафаваць нельга папярэдзіць. Коску ў адвечным пытанні дзяржава вырашыла ставіць не на карысць людзей. І кропка! Бо з пастановамі Саўміну не спрачаюцца! А той загадаў любым чынам вытрасці з кішэняў беларусаў хаця б адну дзясятую мільярда рублёў. Так што цяпер нават самыя незанятыя правапарушальнікі маюць берагчыся зацятых паборнікаў закону.

«Чалавек, скажам, выйдзе на сваім дні нараджэння з рэстарану, каб пакурыць, а міліцыя яго схопіць, бо ім патрэбны будзе штраф. І яны павалакуць яго, так, як бы не павалаклі ў нармальнай сітуацыі», – кажа праваабаронца Віктар Сазонаў.

Але баяцца няма чаго: у пастарунку пра вас паклапоцяцца, абагрэюць і накормяць. Паводле планаў, у 2019-ым годзе Астравецкі РАУС мае арыштаваць на тэрмін да 15 содняў 2500 чалавек, гэта кожны дзясяты жыхар раёну. Менавіта на столькі правапарушальнікаў закупілі ежы. Так што, як кажуць, галоўнае, каб чалавек быў, а справа знойдзецца.

«Вось мы ведаем, што калі машыны ездзяць без зімовых пакрышак, то кіроўцаў штрафуюць, бо небяспека. Але ж можна пайсці і далей – людзей штрафаваць за тое, што яны туфлі на зімовую платформу не памянялі. З гэтага браць грошы і казаць, што мы клапоцімся пра тое, каб яны не паламалі ногі – не паваліліся. За тое, што без шапкі выйшаў, бо можна захварэць», – працягвае Віктар Сазонаў.

Паводле падлікаў радыё «Свабода», дзеля выканання плану ўладам спатрэбіцца аштрафаваць амаль чатыры мільёны безбілетнікаў або больш за 100 тысячаў грамадскіх актывістаў. Пакрыць суму маглі б чатыры мільёны парушальнікаў хуткасці або сем буйных карупцыянераў. Дарэчы, штогод да адміністратыўнай адказнасці прыцягваюць каля трох з паловаю мільёнаў беларусаў, то бок кожнага другога дарослага жыхара краіны.

«Дык грошы спагнаць любы дурань можа!» – заўважыць пільны глядач. Аднак не ўсе ж гэта могуць зрабіць так жа вытанчана, як берасцейскія міліцыянты, якія склалі пратакол на жанчыну за тое, што ейнае дзіця зляпіла снежную бабу! Маўляў, плакат з узгадваннем акумулятарнага заводу на сноўмэне – гэта несанкцыянаванае масавае пікетаванне! Што праўда, дзе тут пікет, дзе масавасць і – самае галоўнае – дзе логіка, міліцыянты патлумачыць не здолелі. Дый не трэба. Бо планы і загады, як вядома, часам вышэйшыя за здаровы розум. Асабліва калі ўсе гэтыя пратэсты для ўладаў – нібыта камяк у горле. У гэтым выпадку – снежны камяк. Або ж папросту старыя словы кіраўніка краіны пра апазіцыйных «адмарозкаў» адказныя міліцыянты прынялі заблізка да сэрца.

Аднак тады трэба прыцягнуць да адказнасці і жыхара Рагачова, які напярэдадні Новага года зляпіў у сваім двары ажно паўсотні снежных баб! Як вядома, больш за трох збірацца наагул нельга. Яшчэ рэвалюцыю зробяць снежную, а, як казаў Лукашэнка, «ліміт рэвалюцыяў і войнаў мы ўжо вычарпалі. Даўно. Нам гэтага не трэба».

А ўвогуле, штрафы – лішняе. Беларусаў дастаткова проста папрасіць – і яны самыя папросяць утрымаць сродкі са свайго заробку для любімай дзяржавы! Або перавесціся на чатырохдзённы працоўны тыдзень… Гэтая практыка ўжо здаўна дзейнічае на большасці дзяржпрадпрыемстваў. І ўсё – добраахвотна! Добраахвотна-прымусова. Бо галоўная крыніца ўлады ў краіне – народ!

Сцяпан Святлоў