Як пазычаць грошы правільна?


Распавядаем гісторыі з махлярствам і падказваем, як пазычаць грошы правільна.

Уладзіміру Шулякоўскаму 78 гадоў, ён – сябра саюзу пісьменнікаў Беларусі, аўтар кніг пра Другую сусветную вайну. Здаецца, ён і цяпер не вельмі верыць, што нехта можа жыць несумленна, асабліва той, каго ведаеш з маленства. Калі суседу Дзмітрыю Радзюку спатрэбіліся грошы на развіццё бізнесу, Уладзімір аддаў яму пад распіску ўсё, што назбіраў, – $ 14 тыс.

Адсоткі паводле пазыкі бізнесмен сплочваў паўтара года, але перастаў. Пазней выявілася, што ён быў вінен яшчэ некалькім людзям. Некаму – 16 тыс., некаму – больш за 200 тыс. Крэдыторы звярнуліся ў суд, які пастанавіў, што Радзюк павінен вяртаць грошы. Але адкуль іх узяць, калі бізнес разваліўся, а вінаваты жыве недзе за мяжою. Выявілася, што маёмасць, пад якую ён пазычаў грошы, закладзеная некалькі разоў. Ягоны дом адсудзіў самы буйны крэдытор, але кошт будынку не пакрые ўсяе пазыкі.

Распачынаць крымінальную справу адмовіліся. Гісторыя зацягнулася на гады, і крэдыторам усё гэта вельмі нагадвае махлярства – можна з’ехаць з краіны, не вяртаць грошай, і табе за тое нічога ня будзе.

Каб дапамагчы знаёмай з дзецьмі зняць кватэру, другая гераіня нашага сюжэту Вікторыя пазычыла пад адсоткі грошы ў сябра. Але гэтая знаёмая пачала мяняць нумары тэлефонаў і месца жыхарства. Пазыкі некалькі гадоў яна не аддае і адно распавядае пра цяжкія абставіны.

Дапаможа распіска

Калі вы пазычаеце камусьці грошы, юрысты раяць браць пісьмовую распіску. Яе не абавязкова натарыяльна зацвярджаць, але пасля вам трэба будзе ісці ня ў суд, а да натарыуса, а затым – да судовых выканаўцаў.

«У выканаўцаў дастаткова паўнамоцтваў, каб доўг спаганяць. Але важна, каб было з чаго спаганяць. Гэта адзіны нюанс, таму што бываюць сітуацыі, калі ў даўжніка за душой, як гаварыцца, нічога няма», – тлумачыць адвакат Вадзім Емельянчыкаў.

Пры гэткім развіцці сітуацыі застаецца толькі чакаць. І перыядычна звяртацца ў суд, каб індэксаваць суму запазычанасці. Калі крэдытораў шмат, то грошы будуць вяртацца па чарзе – хто першы звярнуўся ў суд або да натарыуса, у таго і шанцаў больш.

Глядзіце праграму «Асабісты капітал» цалкам: