Што Язэп Драздовіч рабіў на Сатурне?

У новай серыі «Лабірынтаў» «Сатурніянскія хронікі Язэпа Драздовіча» мы выберамся ў вандроўку на іншую планету разам з мастаком і ягоным сябрам, паэтам Міхасём Машарам.

*Язэп Нарцызавіч Драздовіч (13 кастрычніка 1888 – 15 верасня 1954) – беларускі жывапісец, скульптар, этнограф, археолаг, педагог, пісьменнік. Першы сярод беларускіх культурніцкіх дзеячаў, хто распрацоўваў касмічную тэму і апісваў жыццё на планетах нашай галактыкі. Выдаў першую ў Беларусі кнігу па астраноміі «Нябесныя бегі» (1930), марыў аб выданні манаграфіі «Тэорыі рухаў у касмалагічным значэнні» (1949), ствараў чарцяжы «касмічнай тарпеды», на якой «зямныя турысты» мелі адправіцца ў падарожжа па планетах Сонечнай сістэмы.

У цукерні даваеннага гораду Глыбокае Драздовіч у сваёй «касмавізіі» бачыць каралеву Сатурну, якая просіць яго дапамагчы. Сатурніянка кажа, што толькі ягоны геній можа ўратаваць планету ад cмерці ды знайсці яе мужа, караля Сатурну, якога нібыта паглынуў туман.

«Тое, што сам Драздовіч называў касмавізіямі, ці самнамбулічнымі снамі, у навуцы называецца люцыднымі снамі. Люцыдны сон – гэта такі своеасаблівы стан псіхікі, гэта снабачны стан, але ў строгім сэнсе ён не ёсць сном. Ён характарызуецца абуджэннем свядомасці чалавека ў сне. На свой уласны запыт Драздовіч мог перамяшчацца ў прасторы, ён мог трапляць у тыя часткі іншых светаў і планет, у якіх ён хацеў пабываць», – тлумачыць Галіна Горава, мастачка, кандыдат мастацтвазнаўства.

Мастак разам з сябрам Міхасём Машарам выпраўляецца ў небяспечныя прыгоды на дапамогу каралеве Сатурну.

Падарожжы на далёкія планеты Драздовіч апісваў у сваіх творах мастацтва і літаратуры. Аднак нават сябры смяяліся з мастака, а ягоныя апавяданні пра падарожжы на іншыя планеты лічылі вар’яцкімі выдумкамі. Сам жа Драздовіч сцвярджаў, што ў ягоных аповедах і карцінах няма ніякай выдумкі, толькі тое, што ён сам бачыў на ўласныя вочы.

«Ён лічыў, што валодае дарам яснабачання і дзякуючы гэтаму дару можа ўбачыць вельмі шмат таго, чаго не бачыць іншы чалавек, просты чалавек. І таму ён сапраўды вельмі адрозніваўся ад сваіх аднадумцаў, сваіх калегаў. Ён займаўся творчасцю, якая перш за ўсё паказвала нам ягоны ідэальны свет, які ён ствараў на сваіх палотнах, а не той свет, які ён бачыў вакол сябе», – кажа мастацтвазнаўца Вольга Архіпава.

Сёння Язэп Драздовіч – адзін з самых папулярных мастакоў Беларусі, а адмыслоўцы параўноўваюць ягоныя падарожжы на іншыя планеты, з навуковымі эксперыментамі псіхолага Карла Юнга.

Паглядзець на непаўторны касмічны свет Язэпа Драздовіча запрашаюць вас героі ды аўтары чарговага фільму з цыклу «Лабірынты».

Больш матэрыялаў

Кроў. Масаж. Каханне. Новыя факты жыцця Алаізы Пашкевіч

Куля для КДБ ад Васіля Быкава

Шукайце жанчыну. Як НКВД ламаў пісьменніка Галавача

Кармэн у вышыванцы супраць опернай дзівы з Масквы. Хто каго перамог?

Пэн: паміж сякераю і Парыжам

Адам Станкевіч – чалавек, які перамог Мефістофеля

Тры прывіды Айзіка Кучара

Жахі Паўлінкі