Што ровар можа расказаць пра свайго гаспадара-мастака?


Рэтра і амаль зусім новыя, дарослыя і дзіцячыя – каля паўсотні ровараў выстаўленыя ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў. Лучыць іх адно – імі ездзілі ці ездзяць мастакі, удзельнікі «Выставы мастакоў-раварыстаў».

«Тут экспанаваныя каля сарака мастакоў і крыху болей ровараў, бо ёсць ровары з калекцыі Данілы Цітовіча, рэтраровары, найстарэйшы з якіх датуецца 1935 годам. Ёсць дзіцячыя ровары», – знаёміць з выставай яе куратар Дзяніс Барсукоў.

Куратар «Выставы мастакоў-раварыстаў» – сам зацяты раварыст – мяркуе, што сродак перамяшчэння можа шмат распавесці пра свайго ўладальніка. І сцвярджае, што ягоны праект не толькі мастацкі, але і культуралагічны.

«Ідэя была паказаць мастакоў з незвычайнага боку – не толькі як творцаў, але і на якіх роварах яны ездзяць: ці мастак эстэт ці брутальна ставіцца да ровара», – зазначае Дзяніс Барсукоў.

Паглядзець на ровары ўдзельнікаў экспазіцыі ды іхныя мастацкія працы ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў можна да сярэдзіны студзеня.

Іншыя тэмы: Юля Цімафеева і Альгерд Бахарэвіч прэзентавалі «парыжскія» кнігі. Увесь працэс прадзення – за адзін вечар: у філіяле Веткаўскага музею адбылася піліпаўская этнавечарына «Кудзеліца».

Аляксандра Дорская, Ірына Дарафейчук, «Белсат»