Што робіцца, каб уратаваць беларускую мову?


Каля дзясятка лекцыяў і дыскусіяў праводзіць Інстытут мовазнаўства Нацыянальнай акадэміі навук з нагоды Дня роднай мовы. Але лекцыяў дзеля ўратавання роднае мовы, канешне ж, недастаткова. Да прыкладу, сёння па-беларуску ў нашай краіне навучаецца толькі кожны дзясяты шкаляр. Ці зробяць улады штосьці, каб выправіць сітуацыю?

Нашая калега Галіна Абакунчык размаўляе з дэпутаткай Палаты прадстаўнікоў Аленай Анісім:

«У нашай краіне вельмі мала, крыху больш за 10 адсоткаў дзяцей навучаецца ў школах на беларускай мове. Таму нашая арганізацыя Таварыства беларускай мовы заклапочаная гэтым пытаннем. Мы стварылі ўніверсітэт імя Ніла Гілевіча, каб дзеці, якія пойдуць у школы, і іх бацькі разумелі, што для беларускай мовы ёсць перспектывы. Перспектыва атрымання вышэйшай адукацыі, а значыць, і перспектыва прымянення беларускай мовы. […]

Сэнс агульнанацыянальнай дыктоўкі (якую праводзіць ТБМ – рэд.) у тым, каб прыцягнуць увагу да стану беларускай мовы і да чытання роднай літаратуры, нашых паэтаў, каб кожны жыхар, кожны грамадзянін нашай краіны адчуў роднасць з нашай культурай і мовай. Вельмі часта ўдзел у дыктоўцы спрыяе таму што людзі пасля самі імкнуцца пашыраць мову не толькі тым, што яны размаўляюць, але таксама самі становяцца арганізатарамі розных мерапрыемстваў…»

belsat.eu