Што маюць сыны Лукашэнкі дзякуючы бацьку?


Аляксандр Лукашэнка неаднаразова казаў, што ён супраць кумаўства і хабараў. А тры ягоныя сыны сядзяць на добрых пасадах ды вандруюць з бацькам за дзяржаўныя грошы. Хто плаціць за пасады, хобі і падарожжы малодшых Лукашэнкаў?

Аляксандр Лукашэнка мае трох сыноў. Старэйшы, Віктар, працуе памочнікам кіраўніка Беларусі ў сферы нацыянальнай бяспекі, а таксама ён першы віцэ-прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэту. Сярэдні, Дзмітрый, – старшыня цэнтральнага савету Беларускага рэспубліканскага дзяржаўнага грамадскага абʼяднання «Прэзідэнцкі спартовы клуб». Малодшы, Коля, – школьнік, ён гуляе ў хакей і грае на фартэпіяна. А яшчэ любіць падарожнічаць па свеце, суправаджаючы бацьку падчас афіцыйных візітаў у іншыя краіны.

«Спецыялістам трэба плаціць. Спецыялісты ва ўсім свеце вельмі дорага каштуюць. Знайдзіце не сваякоў, не дзяцей, не палюбоўніц, не палюбоўнікаў, а добрых спецыялістаў – і накіруйце туды», – казаў Лукашэнка на нарадзе аб развіцці аграпрамысловага комплексу Віцебскай вобласці.

Гэтым ён чарговы раз падкрэслівае, што не прымае кумаўства. А свайго сына зрабіў памочнікам, каб, маўляў, «нейкае вельмі вострае актуальнае пытанне данесці да прэзідэнта на працягу некалькіх гадзінаў».

Мaю прaвa
Мільённыя хабары ідуць праз спартклуб Лукашэнкі?
2019.05.15 20:05

«У дэмакратычных краінах, натуральна, такога не можа быць, што кіраўнік краіны прызначае нейкіх сваіх родных, сваякоў на пасады, якія падпарадкоўваюцца яму», – кажа Сяргей Антусевіч, віцэ-старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў.

У якія працоўныя паездкі толькі ні браў з сабой малодшага сына Аляксандр Лукашэнка. У сеціве былі здымкі, на якіх Мікалай п’е нешта з келіха на прыёме ў Пекіне, пазуе з сямʼёй былога амерыканскага прэзідэнта, беларусы таксама маглі бачыць і фота з Арабскіх Эміратаў, дзе сямʼя Лукашэнкаў сумяшчае афіцыйныя візіты з тым, каб ногі ў затоцы памачыць. З-за бацькавых службовых паездак Коля часам нават прапускае заняткі ў школе.

«Для адной сям’і, якая не хоча, каб яе дзеці хадзілі ў школу, а хоча, каб яны выхоўваліся дома, – адно стаўленне, а для прэзідэнта краіны – іншае. Такога не можа быць. Тым больш што ўсе глядзяць на кіраўніка краіны як на прыклад. А тут мы бачым, што дзіцёнак няпоўнагадовы не атрымоўвае адукацыі, ездзіць – такога не павінна быць», – каментуе Вольга Кавалькова, сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі.

Hавiны
З кім і навошта Віктар Лукашэнка лётаў у Абу-Дабі?
2020.03.05 22:23

Мы вырашылі даведацца, колькі б каштавала звычайнаму бацьку з 15-гадовым сынам выправіцца ў вандроўку ў Арабскія Эміраты ў наступным месяцы. Тыдзень у пяцізоркавым гатэлі ў Дубаі паводле сістэмы «ўсё ўключана» каштаваў бы ад 3089 долараў. У артыкуле 37 Закону аб прэзідэнту Рэспублікі Беларусь сказана, што кіраўніку дзяржавы пакрываюць выдаткі, звязаныя з наведваннем замежных дзяржаваў. А вось наконт таго, ці павінна дзяржава аплачваць паездкі і малодшаму Лукашэнку, у законе нічога не напісалі.

«Я думаю, што выконвае ролю тую, якую выконвае першая лэдзі ў краіне. Гэта такая частка дыпламатыі. Якую менавіта ролю выконвае сын – незразумела, мы можам толькі частку нейкую бачыць: то буквар дорыць… А чым яшчэ займаецца – не зразумела», – кажа Сяргей Антусевіч, віцэ-старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў.

Hавiны
«Коля, Коленька, Мікалай». Што мы ведаем пра малодшага сына Лукашэнкі?
2019.08.31 07:00

Цікава даведацца, колькі б прыйшлося плаціць звычайнай беларускай сям’і, калі б іхнае дзіця мела б такія самыя хобі, як сын кіраўніка Беларусі. Напрыклад, прапаноўваюць групавыя заняткі хакеем коштам ад 268 да 393 рублёў. Навучыцца граць на фартэпіяна можна за амаль 200 рублёў на месяц, калі займацца двойчы на тыдзень. Агульны кошт хобі – каля 500 рублёў на месяц. Як заробак у рэгіёнах. Хто плаціць за Колю – не зразумела.

«Гэта праблема непразрыстасці размеркавання бюджэтных сродкаў, якая існуе ў Беларусі на розных узроўнях. Нават у прэзідэнта ёсць нейкі асабісты фонд, які фармуецца не зразумела з якіх рэсурсаў, няма ніякага заканадаўства, якое рэгулюе кантроль над гэтымі сродкамі», – апавядае Вольга Кавалькова, сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі.

У артыкуле 37 Закону аб прэзідэнту Рэспублікі Беларусь сказана, што спецыяльнае медычнае і санаторна-курортнае абслугоўванне прадугледжана не толькі для кіраўніка краіны, але і ягонай сям’і. То бок добра быць прэзідэнтавымі сынамі: і прывілеі маеш, і палову свету пабачыш, і пасаду можна атрымаць.

Таксама ў праграме «Асабісты капітал»:

  • Хто будзе аддаваць даўгі Беларусі?
  • Ці рэальна дамагчыся пераразліку пенсіі, калі вам недалічылі грошы?
  • Што не так з беларускай гаспадаркай?

Глядзіце праграму «Асабісты капітал» кожны панядзелак а 19:00 на тэлеканале «Белсат», а таксама онлайн на нашым сайце. Далучайцеся да нашых старонак ў Facebook ды Одноклассниках. Падпісвайцеся на нашу рассылку і раз на месяц вы будзеце атрымліваць ліст з чатырма найбольш карыснымі сюжэтамі «Асабістага капіталу».

Фота: president.gov.by