Што хавае Дзмітрыеў? Кіраўніка ягонага штабу спраўдзілі на дэтэктары хлусні


Каманда праграмы «Шчыра кажучы» вырашыла праверыць на дэтэктары хлусні кандыдата на прэзідэнцтва, лідара кампаніі «Гавары праўду». Дык ці гавораць, а галоўнае ці робяць па праўдзе?

Адзін з самых мала заўважных кандыдатаў на этапе збору подпісаў, Андрэй Дзмітрыеў, звярнуў на сябе ўвагу ў дзень рэгістрацыі, калі выступіў з рэзкай прамовай у Цэнтрвыбаркаме. Кандыдат асудзіў нерэгістрацыю канкурэнтаў Бабарыкі і Цапкалы, рэпрэсіі падчас выбарчай кампаніі, а таксама тое, што ў выбарчыя камісіі не ўключылі прадстаўнікоў апазіцыі.

Аднак эксперты працягваюць лічыць яго кандыдатам-спойлерам, не забываючы пра тое, што менавіта ён кіраваў штабамі альтэрнатыўных кандыдатаў і ў 2010 годзе, і ў 2015.

Якія мэты Андрэя Дзмітрыева як кандыдата цяпер? Сам кандыдат адмовіўся прайсці тэст на паліграфе, таму на дэтэктары хлусні вядоўца праграмы «Шчыра кажучы» Станіслаў Івашкевіч праверыў кіраўніка ягонага штабу Сяргея Вазняка.

Фота: belsat.eu

На пытанне ці сабрала каманда Дзмітрыева 100 тысячаў подпісаў рэальных грамадзянаў, Сяргей Вазняк адказаў станоўча.

«Мы ўдзельнічаем у палітычнай кампаніі. З аднаго боку ў нас выбараў ніякіх няма, а з іншага боку – людзі патрабуюць ад нас, кандыдатаў, прэтэндэнтаў, каб мы прытрымліваліся выбарчага заканадаўства, правілаў. Мне здаецца, такая пазіцыя нелагічна і цынічна. Таму што выбараў няма – гэта было зразумела пры фармаванні тэрытарыяльных камісіяў, апазіцыя як заўсёды праляцела. На гэтым гісторыя пра выбары скончылася», – тлумачыць Сяргей Вязняк.

Што праўда, паліграф зафіксаваў хваляванне, а верыфікатар Сяргей Малікаў засумняваўся ў праўдзівасці такога адказу, налічыўшы некалькі маркераў хлусні ў адказе.

Шчыра кажучы
Ціханоўская, Калеснікава і Цапкала патлумачылі, чаму яны супраць байкоту. Спецвыданне «Шчыра кажучы»
2020.07.21 22:20

Цяпер пасля рэгістрацыі штаб Дзмітрыева, у адрозненні ад штабоў Бабарыкі і Цапкалы, чые кандыдаты былі знятыя ЦВК з дыстанцыі, не лічыць мэтазгодным патрыманне больш моцнага і перспектыўнага кандыдата.

«Калі б у нас былі выбары і лічыліся б галасы, тады перамовы аб тым, каб менш рэйтынгавым кандыдатам зняцца на карысць больш рэйтынгавага – гэта было б лагічна. Я не думаю, што 9 жніўня нашы камісіі будуць лічыць. Таму гэта ўсё наагул губляе сэнс. У нас рэйтынгавы кандыдат можа апынуцца ў пратаколе на самым апошнім месцы», – дадае Сяргей Вазняк.

Таксама ў праграме «Шчыра кажучы»:

  • Якім чынам маглі падрабляцца подпісы?
  • Які кандыдат ні пры якіх умовах не здымецца з выбараў?
  • Ці гатовы штаб Дзмітрыева віншаваць Лукашэнку з перамогай?

Глядзіце іншыя выданні «Шчыра кажучы».

belsat.eu