Што будзе з Беларуссю, калі Пуціна не стане?

Чарговае выданне ток-шоу «Кожны з нас» прысвечанае тэме будучыні нашай краіны на фоне нафтавых спрэчак з Расеяй і пошуку новых стратэгічных партнёраў.

Яшчэ два месяцы таму экспертная супольнасць абмяркоўвала, ці ўдасца Беларусі захаваць суверэнітэт. Бо, паводле адной з версіяў, Пуцін схіляў Лукашэнку да стварэння рэальнай саюзнай дзяржавы, якую кіраўнік Расеі мог бы ўзначаліць. Але замест гэтага ў суседняй краіне распачаўся транзіт улады. Паводле чутак, гэта можа быць звязана з тым, што сённяшні кіраўнік РФ цяжка хворы. Што будзе з Беларуссю, калі Пуціна не стане?

«Беларусь – не адпавядае стратэгічным імкненням Расейскай Федэрацыі. Нават калі Пуцін сыдзе, на парадку дня застануцца ўсё тыя ж мэты адносна Беларусі, – лічыць Арсеній Сівіцкі, дырэктар Цэнтру стратэгічных і знешнепалітычных даследаванняў.

На думку эксперта, тое, што Беларусь не размяшчае расейскіх вайсковых базаў, па сутнасці азначае, што мы стрымліваем Расею на заходнім стратэгічным кірунку. Беларусь перашкаджае Расеі рэалізоўваць стратэгічныя мэты як адносна натаўскіх краінаў, так і адносна Украіны, у першую чаргу.

Тактыка Лукашэнкі супраць стратэгіі Пуціна. Хто перамагае ў інтэграцыйнай барацьбе?

Адно з меркаванняў у грамадстве – пасля сыходу ці смерці Пуціна ў Расеі пачнецца хаос. І гэта будзе шанцам для Беларусі, каб вырвацца з-пад татальнага ўплыву ўсходняга суседа.

«Так, для Беларусі з’явіцца акно магчымасцяў, каб дасягнуць стану Казахстану, ці Азербайджану, ці Арменіі – краін, якія маюць дастаткова глыбокія і прапрацаваныя адносіны і з Расеяй, і з ЗША, і з Еўразвязам, – мяркуе Андрэй Казакевіч, дырэктар Інстытуту палітычных даследаванняў «Палітычная сфера». – Але мне падаецца, што транзіт задумваўся для таго, каб і без Пуціна ўсё засталося так, як яно ёсць».

Нафтавая праблема прывядзе да росту інфляцыі

Як вядома, доўгія гады Беларусь закупляла і перапрацоўвала вялікія аб’ёмы расейскай нафты. Нафтапрадукты выгадна экспартаваліся за мяжу. На гэтай нафтавай жыле дзяржава зарабляла гіганцкія грошы. Але з пачатку 2020 года шмат што змянілася.

«Перш за ўсё, мы бачым, што ўжо пахіснуўся курс беларускага рубля ў адносінах долара. Дарэчы, калі падвышаецца кошт на паліва, гэта вядзе да раскруткі інфляцыі, – разважае эканамічная аглядальніца выдання «БелРынок» Таццяна Манёнак. – У гэтым выбарчым годзе беларускія ўлады наколькі могуць, настолькі будуць стрымліваць кошты. Але што будзе далей?»

Як нафтавыя спрэчкі паўплываюць на заробкі беларусаў?

Дарэчы, з нафтавай праблемай сутыкаецца і Расея. Паводле многіх экспертных ацэнак, з 2035 года наш усходні сусед увогуле перастане экспартаваць нафту, бо яе будзе хапаць толькі для ўнутранага рынку. Таму рэаліі жыцця ў літаральным сэнсе штурхаюць Беларусь да пошуку альтэрнатывы як датычна нафты, так і адносінаў з тымі, хто дзясятак гадоў таму лічыўся ворагам. У той жа час сяброўству з Захадам могуць замінаць нашыя праблемы з дэмакратыяй і правамі чалавека. А таксама нежаданне палітычнай эліты жыць па-новаму.

«Сістэма, якая існуе сёння, застаецца расейскаарыентаванай. Усё звязанае ў адзін клубок. Без рэформаў немагчыма змяніць геапалітычныя арыентацыі. Без рэформаў немагчыма правесці эканамічныя змены, якія маглі б спрыяць далейшаму развіццю Беларусі», – кажа палітолаг Павел Усаў.

Арсеній Сівіцкі лічыць, што Беларусь трапіла ў геапалітычны тупік.

«Усе нашыя асноўныя геапалітычныя партнёры патрабуюць нейкіх саступак. Тыя саступкі, якіх ад нас патрабуюць амерыканскія і кітайскія партнёры, не прывядуць да страты незалежнасці і суверэнітэту. Таму гэты тупік – магчымасць, каб пераканфігураваць нашу знешнюю палітыку. Але пакуль не адбудзецца кансалідацыі беларускага грамадства на фундаменце незалежнасці і самастойнасці, поспехам гэтая сусветная падтрымка не скончыцца», – падсумоўвае эксперт.

Інтэграцыя перайшла ў шэраг страшылак?

Праграма «Кожны з нас» выходзіць кожную пятніцу а 18:35. Глядзіце праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале «Белсат Life» і на нашай старонцы.

Фота: kremlin.ru

Больш матэрыялаў

Калеснікава, Лосік, Слуцкія: як ламаюць палітычных вязняў

Ці чакаць пратэстаў увесну? Дэмакратычная апазіцыя акрэслівае планы

«Мэта сходу – каб мы інстытуцыяналізавалі лукашызм, які нарадзіў Рэспубліку Беларусь»

«Лукашысты супраць прыхільнікаў пераменаў – 2»

Пратэставая вясна. Чаго апанентам рэжыму не стае для перамогі?

«Голас уладаў» і прыхільнікі пераменаў – вочы ў вочы ў студыі «Кожны з нас»

Кансэнсус Захаду і Крамля – наступны этап пераўтварэнняў у Беларусі?

Самыя абсурдныя рэпрэсіі: суд у кватэры, школьнікі ды 3-гадовае дзіця ў РУУС