Што агульнага паміж беларускімі скваркамі і міжнароднымі конкурсамі прыгажосці?


Пра знакавую для беларусаў страву і скандальныя падрабязнасці міжнародных конкурсаў прыгажосці Місіс свету распавядае ў белсатаўскім шоу «Я не буду гэтага есці!».

Для ўдзелу ў шоу «Я не буду гэтага есці!» мы запрашаем вядомых людзей з кулінарнымі траўмамі. Экс-салістка гурту «Топлес» і ўладальніца карон розных конкурсаў прыгажосці Ганна Гоманава ненавідзіць скваркі. Нашаю задачай было прыгатаваць іх так, каб госця з’ела з задавальненнем.

Ганна ўваходзіць у дзясятку самых прыгожых дзяўчат Беларусі, хоць і жыве цяпер у Кіеве. Снедае прыгажуня бутэрбродамі з чырвонай ікрой, ну як тут паднесці ёй скваркі? І вось што прыдумалі нашы шэф-кухары. Вольга Прыгарава абрала для эксперыменту бекон. У яго яна загарне крэветкі, а на гарнір падасць спаржу з апельсінамі. Аляксандр Чыкілеўскі паспрабуе ўгаварыць Ганну з’есці смалец, які ён прыгатуе з двух відаў сала: гарачага і халоднага вэнджання. А намажа на хлеб, які спячэ ўласнаруч.

Сакрэты і працэс падрыхтоўкі гэтых страваў вы ўбачыце ў праграме. Акрамя таго, навучыцеся правільна гатаваць спаржу і пячы хлеб у хатніх умовах. А таксама пабываеце ў мастацкай майстэрні Ганны Гоманавай у Менску і даведаецеся, ці ўдасца нашым шэф-кухарам накарміць прыгажуню скваркамі. Глядзіце 6-ю серыю шоу «Я не буду гэтага есці!» (відэа вышэй).

На конкурсах прыгажосці Ганна выступае як ад Беларусі, гэтак і ад Украіны. Летась, напрыклад, прадстаўляла нашых суседзяў на конкурсе «Місіс Зямля» ў Лас-Вегасе. І на ім нешта пайшло не так: «Калі прыехалі ў Лас-Вегас, мы былі абсалютна ўпэўненыя, што я павінна перамагчы. Ну як мінімум, павінна ўвайсці ў топ-5. На сцэне ў мяне былі самыя лепшыя касцюмы, самыя лепшыя вобразы, самыя прыгожыя купальнікі. І я была наагул самая запатрабаваная, самая зорка».

І тут абвяшчаюць вынікі.

«Усе славянскія дзяўчыны, усе краіны постсавецкай прасторы – ніхто наагул не трапляе нават у топ-20. Я бяру свой мабільны тэлефон, уключаю анлайн-трансляцыю і пачынаю каментаваць: маўляў, паглядзіце, якая несправядлівасць! Дзяўчат з Украіны, Беларусі, Расеі, Балгарыі наагул ніяк не адзначылі! Хоць яны аб’ектыўна былі самыя эфектныя і яркія. І перамагае oversize, зусім непрыгожая, жанчына ва ўзросце. Я пачынаю яе здымаць, браць інтэрвʼю ў дзяўчат. Потым мне ноччу пачалі дасылаць лісты з пагрозамі, што мяне хочуць збіць. На наступную раніцу прыходзяць арганізатары конкурсу і кажуць: ой, прабачце, мы выпадкова пераблыталі намінацыі! Вы ў нас пераможца! Выбірайце карону, якую хочаце. Я, вядома, большую ўзяла, ярчэйшую, даражэйшую. І стала пераможцаю. Вось так!».

Тэлешоў «Я не буду гэтага есці!» глядзіце па нядзелях а 20:25 на тэлеканале «Белсат» на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4») або онлайн.

Любіце гатаваць? Сачыце за абнаўленнямі на nebudu.belsat.eu, а таксама ў Facebook, «Одноклассниках» ды Instagram.

ІА, belsat.eu