Кожны з нас Што аб’ядноўвае забойцу Кенэдзі і першага ў свеце касманаўта?


Першы касманаўт Юрый Гагарын называў сябе «амаль беларусам»! Пра гэта ён казаў пісьменніку Генадзю Бураўкіну. Падобную думку Гагарын даводзіў яшчэ аднаму беларусу – Іосіфу Навумчыку, які ў 60-х гадах меў з касманаўтам прыватныя гутаркі.

«Аднойчы Гагарын меўся прыйсці на святкаванне Дня народзінаў беларускі Тамары Ішчанка. Але не змог. У адной з размоваў ён шкадаваў, што яму не ўдалося трапіць на ўрачыстасць. Ён прызнаваўся, што прыязна ставіцца да беларускай моладзі, Беларусі. «Ну, мы ж амаль землякі!» Вось так ён сказаў, – кажа Іосіф Навумчык.

Аказваецца мара стаць пілотам у Гагарына з’явілася, дзякуючы вершу Янкі Купалы «Хлопчык і лётчык». Гэту думку пацвярджае адпаведны аўтограф мамы Гагарына і савецкая кінастужка, у якой, паводле сюжэту, першы касманаўт Зямлі расказвае гэты самы верш у школьным класе.

У студыі ток-шоу «Кожны з нас» прадэманстравалі аўтограф мамы Гагарына і калье, якое першы касманаўт Зямлі падарыў беларусцы Тамары Ішчанцы.

Юрый Гагарын – не адзіная сусветная знакамітасць, на якую паўплывала Беларусь. Лі Гарві Озвалд называюць забойцам амерыканскага прэзідэнта Джона Кенэдзі. Гэта здарэнне паўплывала на хаду сусветнай гісторыі. Але не кожны беларус ведае, што незадоўга да здарэння Лі Гарві Озвалд амаль тры гады пражыў у Беларусі і нават ажаніўся тут з жыхаркай Менску.

«Ён быў такі худзенькі, замораны, смаркаты. Ніколі нічога не рабіў! Мужыкі пытаюцца: «Чаму нічога не робіш?» А ён адказвае: «Я ноччу многа любіў». Такі ён быў», – узгадвае Галіна Макоўская, калега Озвалда па радыёзаводзе.

«Ён не меў вышэйшай адукацыі, але быў вельмі разумны чалавек. У нашых размовах падымаліся самыя глыбокія тэмы – пра палітычныя сістэмы, гісторыю», – прыгадвае ў студыі ток-шоу «Кожны з нас» найлепшы беларускі сябар Озвалда Эрнст Цітавец.

Госці студыі, а таксама першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч, які вучыў Озвалда рускай мове, ушчэнт разбіваюць версію пра датычнасць Озвалда да забойства Кенэдзі.

Напалеон Банапарт! Адзін з самых магутных ваяводаў усіх часоў. Сваю самую ракавую памылку ў жыцці ён здзейсніў у Беларусі, у Віцебску. Пра гэта падрабязна расказвае гісторык і пісьменнік Уладзімір Арлоў.

І гэта толькі малая частка сусветных знакамітасцяў, чые лёсы перавярнула Беларусь.

Глядзі таксама
Каментары