Шоу «Я не буду гэтага есці» вяртаецца ў Беларусь


У новым выданні мы паспрабуем накарміць салянкай беларускую фуд-коўч Ксенію Вяцкую, у якой з гэтай стравай звязаныя зусім не прыемныя ўспаміны.

У праекце «Я не буду гэтага есці» вядомыя людзі дзеляцца з намі сваймі кулінарнымі траўмамі: распавядаюць, да якой стравы не могуць дакрануцца і чаму. Задача нашых шэф-кухараў Вольгі Прыгаравай і Аляксандра Чыкілеўскага змяніць рэцэпт так, каб наш герой з’еў усё да апошняй лыжкі ды папрасіў яшчэ. Напрыканцы праграмы госць абірае пераможцу кулінарнай бітвы. Цягам папярждніх выданняў гэтага сезону мы пабывалі ў Кіеве, дзе скаралі страўнікі ўкраінскіх зорак.

Сёння мы вяртаемся ў Беларусь, дзе наведаем Ксенію Вяцкую ў вёсцы, дзе яна трымае кураў і частуе гасцей сапраўдным кляновым сокам, а яе – запросім да нас у студыю. І вось што нашая гераіня распавядае пра сваю нелюбімую страву:

«Ёсць смак, які я проста не магу зразумець. Гэта салянка. Вось гэта вось усё салёнае зварылі – я проста не даганяю, навошта?! Спалучэнне каўбасы і вараных салёных агуркоў падаецца мне проста агідным».

Але справа тут не толькі ў спалучэнні смакаў. Аднойчы пасля доўгага падарожжа яны з сябрамі, вельмі галодныя, дабраліся да Севастопалю.

«Там на рынку ёсць такая “сцякляшка” – забягалаўка, пабудаваная ў 1980-я. І я сказала: давай салянку! Мне здавалася, што яна ўсю мяне напоўніць. Я яе з’ела. Потым мы паехалі на яліку, на лодцы па моры. І карацей кажучы, уся гэтая салянка вылілася ў мора… І я зразумела, што больш я так эксперыментаваць не буду».

Вольга Прыгарава вырашыла зрабіць для Ксеніі класічную салянку – такую, як любіць сама і якой вучыць сваіх падначаленых. Аляксандр Чыкілеўскі, як заўсёды, натхняўся старажытнай беларускай кухняй. Ягоны варыянт – грыбная салянка:

«У беларусаў няма салянкі як такой, але ёсць агурочны суп: празрысты і забелены. Як ні дзіўна, падаецца ён з грыбамі».

Фота belsat.eu

Класічная салянка

  • марынаваныя агуркі – 1 кг
  • вешанкі – 400 г
  • каперсы – 60 г
  • памідоры ва ўласным соку – 1 кг
  • цыбуля рэпчатая – 800 г
  • грудзінка (або вэнджаныя рэбры) – 600 г
  • салямі – 400 г
  • масліны – 90 г
  • цытрына – 120 г
  • смятана – 150 г
  • зеляніна
  • хлеб барадзінскі – 1 бохан

Салёныя агуркі нарэзаць саломкай і ў расоле «прыпусціць» у рондалі на агні цягам 20 хвілін. Парэзаную саломкай салямі і грудзінку нарэзаць саломкай і абсмажыць у добра разагрэтым рондалі без алею. Дадаць парэзаную саломкай цыбулю і пасіраваць яе да паўгатовасці. Далей у рондаль выкласці парэзаныя вешанкі і смажыць яшчэ 5 хвілін, дадаць перабітыя блендэрам памідоры ва ўласным соку. Туды ж дадаць агуркі з расолам, каперсы і масліны.

Падаваць з хлебам, смятанай, кавалачкам цытрыны і зелянінай.

Салянка грыбная

  • сушаныя грыбы – 50 г
  • вешанкі – 300 г
  • салёныя агуркі (з расолам) – 0,5 кг
  • цыбуля рэпчатая – 0,5 кг
  • каперсы – 1 баночка
  • памідоры – 300 г
  • аліўкі – 50 г
  • масліны – 50 г
  • сцябло салеры – 200 г
  • смятана – 150 г

Сушаныя грыбы замачыць на ноч і адварыць да гатовасці. Прыгатаваць булён з агародніны. Агурочны расол працадзіць.

Цыбулю, вешанкі ды салеру парэзаць саломкай. Памідоры бланшыраваць, ачысціць ад скуркі і насення. Мякаць нарэзаць дробным кубікам і працерці. Агуркі парэзаць адвольна, дадаць у агурочны расол і варыць, пакуль колькасць расолу не паменшыцца напалову. Працадзіць.

Абсмажыць на топленым масле цыбулю да залацістага колеру. Затым дадаць салеру і смажыць яшчэ 5-6 хвілін. Дадаць таматы і працёртую мякаць, варыць 10 хвілін на павольным агні. Абсмажыць вешанкі да залацістага колеру і дадаць у суп.

Уліць булён з агародніны і ўварыць цягам 10 хвілін. Дадаць грыбны булён, варыць 5-6 хвілін. Дадаць каперсы, аліўкі і масліны з расолам. Давесці да кіпення. Акуратна дадаваць выпараны агурочны расол, даводзячы да патрэбнай ступені салёнасці.

Падаць са смятанай.

Чый варыянт перамог у кулінарнай бітве? Дапамагаць вызначыцца Ксеніі Вяцкай будуць ейны муж Серж і сяброўка Зоя Прышывалка. Глядзіце новае выданне кулінарнага шоу «Я не буду гэтага есці» (відэа ў пачатку артыкула).

Шоу «Я не буду гэтага есці!» глядзіце штонядзелю а 19:35 паводле менскага часу на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Astra 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале «Белсат Life» або ў архіве на нашай старонцы.

Любіце гатаваць? Сачыце за абнаўленнямі на Facebook, у «Одноклассниках» і ў Instagram.

ІА, belsat.eu