«Шматвектарнасць памерла 9 жніўня». Новыя прызнанні былых дыпламатаў


У праграме «Шчыра кажучы» даведаемся, якім чынам апальныя дыпламаты могуць паўплываць на палітычную сітуацыю ў краіне. Ці заўважаць страту байцоў у МЗС цяпер, калі вонкавыя палітычныя стасункі акцэнтаваныя пераважна на Расею? Наколькі рэальнай была замежнапалітычная шматвектарнасць і чым пагражае цяпер яе страта?

Беларусь перабывае ў частковай дыпламатычнай ізаляцыі: краіны Захаду не прызналі вынікаў выбараў, Лукашэнку не лічаць легітымным, а той, у сваю чаргу, замест дыялогу з Еўропай і ўнутры краіны выбраў дыпламатычныя ваяжы ў кірунку Расеі. Дык як жа хвалёная шматвектарнасць Беларусі, на якую не адзін год працаваў дыпламатычны корпус Беларусі? Распавядае былы павераны ў справах Беларусі ў Швейцарыі Павел Мацукевіч.

«Колькасць дзяржаў, якія прызналі вынікі гэтых выбараў, змяшчаецца на пальцах адной рукі. Прэзідэнт нелегітымны для большасці краін міжнароднай супольнасці. У гэтых умовах казаць пра шматвектарнасць зусім не выпадае. У маім разуменні шматвектарнасць памерла 9 жніўня, у нас няма выбару, мы фактычна застаемся на адным вектары».

Пасля падзеяў 9 жніўня апарат МЗС зазнаў такія страты, што яны ўжо адбіліся на якасці працы ведамства. Гэта небяспечна з улікам таго, што ад інтэграцыйных апетытаў Расея не адмовілася.

«Стала абсалютна зразумела, што МЗС будзе выступаць адвакатам нелегітымнага кіраўніка краіны. (…) Звольнілі практычна ўсіх, хто выказаў салідарнасць з працэсамі, якія адбываюцца ў краіне. Аднак страта нават 20 супрацоўнікаў была б адчувальнай, тым больш што вядзецца пра прафесійныя кадры, – калі б мы знаходзіліся ў рэжыме шматвектарнасці, калі мы нарошчваем адносіны і на Захадзе і на Усходзе. У той сітуацыі, у якой мы знаходзімся цяпер, калі фокус змясціўся на рэгіёны Расеі, то нам і не патрэбна столькі. МЗС не заўважыць страты байцоў».

Таксама ў праграме «Шчыра кажучы»:

  • Як дыпламатыя Ціханоўскай уплывае на сітуацыю ў краіне і чаму ёй варта вяртацца?
  • Чаму Кітай актыўна працуе на беларускім кірунку і пра чым тут Украіна?
  • Што будзе з эканамічнымі сувязямі з Еўропай пасля дыпламатычнага дэфолту?

Belsat.eu