Шлюбнае пасведчанне з Пагоняй, а ў падарунак – мех бульбы


Вольга стала пад бел-чырвона-белы сцяг на акцыі ля амбасады Беларусі ў Маскве і праз 11 дзён выйшла замуж за беларуса! Так не бывае? Бывае, падрабязней – у праграме «Беларускі свет».

Шчасце праз боль – так зарадзілася гісторыя кахання на акцыях ля амбасады Беларусі ў Маскве.

«Глядзелі і жахаліся ад таго, што адбываецца ў Беларусі. Было дзіўна бачыць вялікую колькасць землякоў, якія ў адзіным парыве прыходзяць да пасольства такія ж абураныя. Некаторыя нават у слязах, бо без слёз на такое не паглядзіш», – згадвае Аляксей.

Вольга жыве ў Маскве 15 гадоў, Аляксей – 17. Да выбараў яны не кантактавалі з беларусамі. Іхны шлюб адбыўся з усімі патрэбнымі атрыбутамі: маладзёны распісаліся ў журнале рэгістрацыі шлюбу, атрымалі пасведчанне з Пагоняй і каштоўны падарунак – мех з бульбаю.

«Я зноў закахаўся ў Беларусь наагул і палюбіў кожнага беларуса паасобку. Такога яднання, такога супольнага парыву я ніколі ў жыцці не бачыў. І нас лучыла не толькі агульнае грамадзянства, а агульны боль, агульная радасць, агульныя мэты», – дзеліцца Аляксей.

Таксама ў праграме «Беларускі свет»:

  • «Маё стоп-слова – «сыходзь». У Тэль-Авіве насупраць беларускай амбасады адбыўся арт-перформанс супраць гвалту ў Беларусі;
  • Ці бульба ў Чарнагорыі смачнейшая і таннейшая?
  • Якая краіна не ёсць сябрам Еўрапейскага Звязу, але мае еўры?

Праграма «Беларускі свет» выходзіць на «Белсаце» па аўторках а 19:05. Глядзіце праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн і ў архіве на нашай старонцы.

Belsat.eu