Школа муай-тай у Менску: «Каго любіш? – Люблю бокс. – То ўзаемна!»




Першы паверх будынку напрыканцы вуліцы Мяснікова менчукам добра вядомы як «Дом фота». Але з нядаўняга часу тут размясцілася і спартовая ўстанова – клуб Віталя Гуркова.

Настасся Дзедавец, адміністратарка «HURKOU MUAY THAI SCHOOL»:

«Раніцай занятак у нас аднаразовы каштуе 15 рублёў, увечары – 20 рублёў. Трэнінг ад 1,5 да 2 гадзінаў. Хлопцы працуюць на ўра і затрымліваюцца. Кліенты пастаянныя. Некаторыя нават ходзяць кожны дзень. І хлопцы, і дзяўчаты рознага ўзросту. Не было такіх, хто быў бы незадаволены. Быццам бы ўсе сыходзяць задаволенымі».

Летась 20 верасня Віталь Гуркоў пачаў назапашваць новы жыццёвы досвед – трэнера і бізнесоўца. Хаця не надта пераймаецца менавіта гэтымі акрэсленнямі, заяўляючы, што проста працягвае жыць у сваім рэчышчы.

Віталь Гуркоў, 11-разовы чэмпіён свету па муай-тай:

«Мне ўсё гэта вельмі падабаецца. Не ведаю, наколькі я бізнесовец, але гэта маё месца, дзе я вельмі ўтульна сябе адчуваю, як удома, дзе трэнуюцца файныя людзі, шмат маіх сяброў. Я хацеў адчыніць спартовую залу, а знайшоў сваю сям’ю. І гэта вялізны крок для мяне асабіста. Таму што мне, акрамя таго, як выкладаць тут муай-тай боксінг, удалася абʼяднаць шмат людзей, якія цяпер моцна сябруюць адное з адным».

У добра зладжаную супольнасць Віталя Гуркова ўваходзяць асобы розных узростаў і прафесіяў, хлопцы і дзяўчаты. Напрыклад, з кастрычніка мінулага года школу Гуркова наведвае Аляксандр Чайко, дырэктар прадпрыемства, якое займаецца міжнародным транспартаваннем. Паўгода таму прыйшла сюды і засталася, як мяркуе, надоўга акторка тэатру і кіно, тэлевядоўца ды мадэль Таццяна Давыдзенка:

«Тайскі бокс прымушае быць у цудоўнай форме – гэта крутая кардыянагрузка. Усе тут працуюць у адным кірунку, і ўсім вельмі падабаецца. Бо цікава. Я б не здолела паўтары гадзіны бегаць па дарожцы. А тут усё адбываецца весела, цікава. Нават не заўважаеш, як праходзіць трэнінг, усё так весела, лёгка, на пазітыве, і паўтары гадзіны пралятаюць незаўважна, і ты напрыканцы трэнінгу адчуваеш сябе бадзёрым, вясёлым, пазітыўным і – самае галоўнае – абноўленым».

Аляксандр Чайко, дырэктар транспартавага прадпрыемства:

«Я займаюся тут з кастрычніка мінулага года. Прыходжу 4, 5, 6 разоў на тыдзень. Тут сабралася група людзей, якая хварэе гэтым. Гэта зараджае. Плюс – вельмі дысцыплінуе. Кожную раніцу ў 8 гадзінаў я прыходжу ў залю і займаюся. Гэта дапамагае ў працы, у сямʼі, у планаванні справаў. Гэта проста класна. Тым больш, мы разам ладзім лазні, выезды на прыроду на шашлыкі. Мы абʼяднаныя адной вельмі цікавай ідэяй і ўвесь час з гэтага цешымся».

Рынг аздоблены бела-чырвона-белымі колерамі, а па баках тут размешчаныя надпісы не без сэнсу з таго, што раней было добра вядома. «Каго любіш? – Люблю бокс. – То ўзаемна». Легендарны пароль паўстанцаў-каліноўцаў 1863 года, крыху перайначаны Віталем на спартовы капыл, яскрава нагадвае, што мы – беларусы і гонар маем. Далей імправізацыя радкоў Рыгора Барадуліна: «Трэба ў рынгу бываць часцей, трэба ў рынгу бываць не госцем». І пераробленая Гурковым прымаўка: «Людзей слухай, а правы хук – май!»

Уласна сам Віталь Гуркоў не трапіў у склад нацыянальнай каманды на Чэмпіянат свету 2019 года па муай-тай, які ў апошняй дэкадзе ліпеня прыняла сталіца радзімы гэтага віду адзінаборстваў – Бангкок. І баец не надта шкадуе. Бо меў магчымасць наведаць сталіцу іншай азіяцкай дзяржавы – Пекін, дзе стаў першым на планеце двухразовым чэмпіёнам свету паводле прэстыжнай версіі кітайскай прамоўтарскай кампаніі «Кунь-Лунь Файт». Менскі баец узяў першы тытул у Пекіне два гады таму. То бок цяпер ён паўтарыў сваё дасягненне і здолеў больш часу аддаваць працы ды трэнінгам у клубе свайго імя.

«Калі трэба, то канешне, каб браць удзел у спарынгавых трэнінгах, я выязджаю ў зборную. Вось, напрыклад, да чэмпіянату свету рыхтавалася каманда, і я разам з ёй займаўся тры дні на тыдзень. А астатнюю працу я праходзіў тут разам з трэнерам са свайго ж клубу і ад свайго ж клубу, ад сваёй каманды я паехаў у Пекін. Гэта для мяне такое выдатнае дасягненне», – кажа Віталь Гуркоў.

З верасня баксёрскі клуб ды школа муай-тай Віталя Гуркова плануе набраць першыя дзіцячыя групы. Каб мець магчымасць рыхтаваць байцоў у філасофіі муай-тай з самых ранніх гадоў, каб выхаваць іх не толькі абаронцамі, але і патрыётамі Беларусі. Патрыятызму Віталь Гуркоў надае шмат увагі, за што нямала цярпеў у складзе нацыянальнай каманды. Але не шкадуе і пагатоў не саромеецца сваіх прыхільнасцяў. Бо цудоўна разумее: будучыня ў першую чаргу за гэтым.

Аляксандр Пуціла, belsat.eu