Шастаковіч прагучаў у Нарачы


Адзін з найбуйнейшых музычных геніяў ХХ стагоддзя Дзмітрый Шастаковіч, вярнуўся ў Беларусь. Менавіта ў нашай краіне, у Шэметаве ў Нарачанскім краі, нарадзіўся прадзед кампазітара, і тут месцілася радавая сядзіба Шастаковічаў.

У гонар наватара савецкіх часоў, які ствараў шэдэўры ў найноўшых жанрах, не баючыся магутнае хвалі крытыкі, у Нарачы ў касцёле святога Андрэя адбыўся канцэрт, прысвечаны 111-годдзю кампазітара. Зладзілі канцэрт музыкі, адданыя творчасці Шастаковіча. Распавядае Аркадзій Маладрус, барытон з Беларусі, які апошнія гады жыве ў Францыі:

«Беларусы, на мой погляд, а я нарадзіўся тут, я ведаю і маіх бацькоў, і ўсіх, хто быў навокал мяне, вельмі сціплыя людзі, магчыма, нават залішне сціплыя. І я думаю, што Шастаковіч, як самы буйны музычны геній ХХ стагоддзя, дасць нам нагоду для гонару: што такія людзі – гэта нашыя людзі».

Дзмітрый Шастаковіч – сын і ўнук выбітных музыкаў, аўтар 15 сімфоніяў, 6 канцэртаў, 3 операў, 3 балетаў, вялікае колькасці твораў камернае музыкі. Ягоны лёс цесна пераплёўся з эпохаю, калі кампазітара ведалі ў свеце і сувора крытыкавалі на радзіме.

Ён быў сябрам шматлікіх міжнародных музычных арганізацыяў і лігаў, не абыходзіў і палітыкі – некалькі разоў запар быў дэпутатам Вярхоўнага Савету СССР.

Сустрэча ў Нарачы нагадала, што беларусы могуць асабліва ганарыцца славутым кампазітарам, што і было задумай арганізатараў:

«Я мяркую, – адзначае Аркадзій Маладрус, – што калі кожны будзе нешта рабіць для чагосьці, то ўсё будзе ісці наперад».

Публікі на канцэрце сабралася шмат, давялося ставіць дадатковыя крэслы.

Прагучала ідэя, каб стварыць у Шэметаве музей Шастаковіча і нават паставіць яму помнік.

Таксама ў выданні:

  • «Big Mini Festival» у Горадні: шоу, танцы, канцэрты, спектаклі.
  • Віцебскі тэатр развітаўся да наступнага сезону прэм’ераю «Дарослыя дзеці».
  • Байкеры Гомельшчыны паспаборнічалі… з рыцарамі.

Вольга Гардзейчык, «Белсат»