Шаркаўшчына Льва Сапегі ды цыркуляр пра беларускую мову


Беларускае мястэчка ля мяжы з Літвой ляжыць на беразе ракі Дзісны. Таму спрадвеку было звязанае з Паўночнай ды Заходняй Еўропай воднай дарогай праз Заходнюю Дзвіну і Балтыку.

Менавіта зручная водная камунікацыя была галоўнай прычынай росту мястэчак на тэрыторыі Беларусі ў часы позняга сярэднявечча і Новы час.

Назва Шаркаўшчына паходзіць ад балцкага, а дакладней – літоўскага слова «сарока» («šarkа»). Па абодва бакі мяжы нярэдка сустракаюцца тапонімы Шаркішкі, Шаркуці, Сарочыцы. Калісьці гэта была балцкая тэрыторыя, потым – балта-славянская кантактная зона, якая паступова пераўтварылася ў частку беларускага этнічнага арэалу.

У познім сярэднявеччы Шаркаўшчына была цэнтрам прыватнага маёнтку, а потым мястэчкам, якое стала адным з пунктаў таварнага абмену ў Заходне-Дзвінскай воднай сістэме. Такія мястэчкі пачалі з’яўляцца ў Беларусі дзясяткамі ад канца XV ст. у сувязі з паляпшэннем дэмаграфічнай сітуацыі ва ўсёй Еўропе.

Закончыўся дэмаграфічны і гаспадарчы крызіс, радзейшымі сталі эпідэміі. Больш людзей – больш працоўных рук, больш прадукцыі: сельскагаспадарчай і рамеснай, якая вымагала ўсё больш цэнтраў для абмену – гандлю. І мястэчкі якраз былі гэтымі новымі гандлёвымі, а заадно і рамеснымі цэнтрамі.

Першая пісьмовая згадка пра Шаркаўшчыну датуецца 1503 г. Вялікі князь Літоўскі і кароль Польскі Аляксандр Казіміравіч падараваў гэтае месца гаспадару Мосара Ежаму Дэспат-Зяновічу, дазволіўшы яму заснаваць тут маёнтак і мястэчка.

А ў 1594 г. муж Рэгіны Зяновіч «…именье своё отчизное, называемое Шарковщину, в повете Ошмянском, над рекою Дисною лежачое, з местечком того именья и зо всим на всё, яко се само в себе з давних часов мело, за певную суму пенезей, то есть за тысячу коп грошей, личбы и монеты великого князьства литовского, ясьне вельможному пану Лву Сапезе, канцлеру великого князьства литовского, продал». Нашчадкі Льва Сапегі здавалі Шаркаўшчыну ў арэнду ці пад заклад.

З сярэдзіны XVIII ст. гаспадаром мястэчка становіцца род Лапацінскіх, якія збудавалі тут палац-рэзідэнцыю. У пачатку XIX ст. шэраг фальваркаў з маёнтку Шаркаўшчына быў прададзены за даўгі. Адным з новых уладальнікаў стаў род Федаровічаў, якія ў пачатку ХХ ст. збудавалі сваю рэзідэнцыю – палац у стылі класіцызму ў Базыльполлі, які захаваўся лепш чым сядзіба Лапацінскіх.

Самы цікавы з ацалелых помнікаў архітэктуры ў мястэчку – драўляная Свята-Успенская царква ў стылі мадэрн, збудаваная ў 1912 г. Натхняльнікам і выканаўцам будаўніцтва быў мясцовы святар Канстанцін Жданаў. У 1919 г. яго арыштавалі і жорстка забілі бальшавікі, за што праваслаўная царква залічыла айца Канстанціна да святых пакутнікаў.

Хто такі Эдвард Роп? Калі і чаму ён выдаў цыркуляр пра беларускую мову? І чым Шаркаўшчына жыве сёння? У чарговай серыі «Загадак беларускай гісторыі» распавядзе і пакажа краязнаўца Кастусь Шыталь (відэа ў пачатку артыкула).

Праграма «Загадкі беларускай гісторыі» выходзіць на «Белсаце» кожны панядзелак а 18:45. Глядзіце праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн і ў архіве на нашай старонцы.