Асабісты капітал «Шарашкіна кантора»: як цэнтры занятасці «дапамагаюць» шукаць працу


Паводле звестак Менскага гарвыканкаму, штомесяц іхны камітэт працы мае ў базе 19 000 вакансіяў. Дзеля параўнання: на пачатак верасня ў краіне налічвалася 11 900 афіцыйных беспрацоўных. То бок атрымліваецца, што толькі ў Менску вакансіяў хопіць на ўсіх беспрацоўных беларусаў. Але знайсці працу праз цэнтры занятасці – цяжка, дый ахвоты туды звяртацца ў людзей няшмат.

«Мне далі адно месца. Я прыехаў, а мне кажуць, што ўжо работнік не патрабуецца. Далей мне далі месца, дзе я проста не падыходзіў, бо там патрабуюцца інваліды», – распавядае Віталь Спікін, які шукаў працу праз цэнтр занятасці насельніцтва.

Спадар Віталь паўтара месяца шукаў сабе вакансію праз аддзел працаўладкавання. У выніку ад дзяржаўнай дапамогі адмовіўся. А ўсё пачыналася так. Стаў на ўлік як беспрацоўны. Атрымаў дзве карткі. У адной – мусіў рабіць адзнакі на прадпрыемствах, куды прыходзіў праз накіраванне дзяржавы. Другая картка – пацвярджэнне, што ён і самастойна займаецца пошукам працы. Знайшоў, напрыклад, у інтэрнэце вакансію, прыйшоў на сумоўе – калі табе адмовілі, давай картку і прасі, каб гэта пісьмова пацвердзілі.

«У мяне спыталі пра самастойны пошук працы, я сказаў, што ў мяне цяжкае матэрыяльнае становішча, у мяне банальна няма грошай на талоны, бо я не ўчора і не пазаўчора звольніўся з працы і сёння захацеў знайсці іншую, а доўга ўжо не маю працы», – кажа спадар Віталь.

Грашовая дапамога беспрацоўнаму, якую плацілі спадару, – 25 рублёў штомесяц. За тое, што пазнакамі на паперы не пацвердзіў самастойны пошук працы, мужчыну аштрафавалі ды знізілі дапамогу на 50 адсоткаў.

«Агульная сума выплачанага з 19.06 да 1.08 – гэта, груба кажучы, паўтара месяца – склала 20 рублёў 73 капейкі. Уяўляеце, такія астранамічныя грошы!» – распавядае Віталь Спікін.

У спадара Віталя – эпілепсія. Інваліднасць некалькі гадоў таму знялі, але пры гэтым супрацьпаказанні што да працы пакінулі. У цэнтры занятасці мужчыну прапанавалі сем вакансіяў. І ў тых выпадках, калі не адмаўлялі з той прычыны, што ўсе месцы ўжо занятыя, ён папросту не адпавядаў працы паводле медычных паказнікаў. Прапаноўвалі яшчэ працу дворніка. Але Віталь, сталяр з адукацыі, ад перспектывы месці вуліцы адмаўляўся сам. Заробак на вакансіях, якія шукала для мужчыны дзяржава, вагаўся ад 330 да 410 рублёў.

Менгарвыканкам сцвярджае, што 60 адсоткаў вакансіяў, якія ёсць у цэнтрах занятасці, прапаноўваюць заробкі больш за 500 рублёў. Каб праверыць гэта, мы накіроўваемся ў аддзел працаўладкавання. Дарэчы, у той самы, дзе шукаў сабе працу і Віталь. У памяшканні стаяць камп’ютары. Людзі праглядаюць вакансіі. Адзін з мужчынаў хоча працаваць дворнікам: кампʼютар выдае вакансіі з заробкамі да 800 рублёў. Беспрацоўны машыне не верыць, бо шмат разоў правяраў сам.

«Я тут два разы па паўтара года стаяў, і нічога не атрымліваў. Прыйшлося самому шукаць працу, браць мяцёлку і ісці дворнікам працаваць. Гэта шарашкіна кантора! Так можаце і запісаць!» – кажа беспрацоўны.

Мы трапілі ў яшчэ адзін менскі аддзел працаўладкавання. Адсутнасць чаргі беспрацоўных можна патлумачыць наступным. Беларусы не вераць, што тут ім дапамогуць знайсці добрую працу, дый на 25 рублёў грашовай дапамогі не разжывешся. Ад наймальнікаў патрабуюць перадаваць інфармацыю аб вольных месцах у цэнтры занятасці. Праўда, паведамляюць толькі пра, напрыклад, вакансію прыбіральніцы або вартаўніка, бо пошук работнікаў на больш прэстыжныя месцы працадаўцы папросту не могуць даверыць дзяржаве.

«Вы паверыце, што ў нас 0,3–0,4 адсотка беспрацоўя? Гэта фантастыка! У самых добрых з гэтага пункту гледжання краінах менш за тры адсоткі не бывае беспрацоўя!» – каментуе Аляксандр Ярашук, старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў.

Сакрэт нізкага ўзроўню беспрацоўя ў Беларусі просты: калі ты не зарэгістраваны ў цэнтрах занятасці як беспрацоўны, то для статыстыкі не існуеш. То бок на справе спадар Віталь працы дагэтуль не мае, але беспрацоўным не лічыцца.

Глядзіце праграму «Асабісты капітал» кожны панядзелак а 19:00 на тэлеканале «Белсат», а таксама онлайнна нашым сайце. Далучайцеся да нашых старонак ў Facebook дыОдноклассниках. Падпісвайцеся на нашурассылку і раз на месяц вы будзеце атрымліваць ліст з чатырма найбольш карыснымі сюжэтамі «Асабістага капіталу».

Глядзі таксама
Каментары