Студыя «Белсат» «Шахцёр» супраць БАТЭ: на футбол у Салігорску ходзяць нават брытанцы


Неўзабаве ў салігорскага «Шахцёра» можа змяніцца трэнер. 60-гадовы расейскі адмысловец Сяргей Ташуеў, якога салігорскія заўзятары вельмі любяць, дагэтуль не мае прапановы ад кіраўніцтва «Шахцёра» працягнуць кантракт.

Дзейная дамова сканчаецца праз некалькі месяцаў. Сяргей Ташуеў, галоўны трэнер ФК «Шахцёр»:

– Ці ёсць нейкая яснасць адносна вашага новага кантракту?

– Не ведаю, пакуль не ў курсе. Не размаўляў на гэтую тэму.

Паводле неафіцыйнай інфармацыі, новым трэнерам салігорскай каманды можа стацца ўкраінец Юрый Вярнідуб. У сябе на Радзіме ён доўгі час працаваў з луганскаю «Зарой» і выводзіў яе ў групавы раўнд Лігі Еўропы. Таксама ва Украіне яго двойчы вызнавалі трэнерам года. Але салігорскім заўзятарам і прозвішча, і асоба Вярнідуба пакуль невядомыя.

Заўзятары ФК «Шахцёр» (Салігорск):

«Нічога не ведаю і не хачу».

«Няма чаго сказаць. Мы ведаем Ташуева».

У нядзелю на стадыён «Будаўнік» прыехаў барысаўскі БАТЭ, таму нядзіўна, што на трыбунах назіраўся аншлаг. Мы сустрэлі нават заўзятара з Англіі:

«Я фанат «Ньюкасл Юнайтэд». Ён, дарэчы, таксама цяпер гуляе. 1:1 з «Вулвергэмптанам».

У Салігорску, як і ў Ньюкасле, гэтым вечарам была зафіксаваная нічыя. Толькі не 1:1, а 2:2. БАТЭ двойчы выходзіў наперад, але гаспадары кожны раз знаходзілі ў сабе сілы адгуляцца. На трапны стрэл Ігара Стасевіча адказаў Дарка Бодул, а на гол Няманні Міліча – ветэран айчыннага чэмпіянату Мікалай Януш. Пазней ён жа мог прынесці «Шахцёру» перамогу, але не здолеў зрэалізаваць выхаду сам-насам.

Мікалай Януш, нападнік ФК «Шахцёр» (Салігорск):

«У апошні момант я ўбачыў, што Сяргей Чэрнік зрабіў некалькі крокаў наперад, і я вырашыў перакінуць яго. Але ж мяч скакаў, я не змог добра трапіць па ім».

Паводле Мікалая Януша, нічыйны вынік заканамерны, бо матч атрымаўся роўным. Аналагічнае меркаванне выказаў і галоўны трэнер ФК «Шахцёр» Сяргей Ташуеў:

«Змагаліся за ініцыятыву і мы, і БАТЭ. Нам не хапала Бакая і Антыча для атакуючых дзеянняў. З гэтым былі праблемы. Але хлопцы ўсё роўна малайцы, змагаліся. Баявая нічыя».

Агулам салігорцы не выглядалі расчараванымі вынікам. А вось для БАТЭ другая нічыя запар фактычна азначае канец «залатых» спадзяванняў. Аляксей Бага, галоўны трэнер ФК БАТЭ:

«Калі сітуацыя падштурхоўвала нас гуляць на перамогу, а мы яе не здабылі. Таму настрой адпаведны. Але, як бы банальна гэта не гучала – жыццё працягваецца».

Адставанне барысаўцаў ад галоўнага канкурэнта – берасцейскага «Дынама» – цяпер складае 9 пунктаў. У сераду ў Магілёве каманда Аляксея Багі правядзе перанесены матч супраць «Дняпра». Але нават калі ў ім БАТЭ пераможа, перавага «дынамаўцаў» усё роўна будзе істотнаю. Да канца чэмпіянату засталося 4 туры.

Дзяніс Ганчарэнка belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары