Севярынец: Пасля такой справы міністар МУС павінен сыходзіць у адстаўку


У нядзелю «Белсат» паведамляў пра затрыманне і збіццё міліцыянтамі ўласніка прытулку для бяздомных Аляксея Шчадрова, вядомага як брат Луіджы. Супрацоўнікі Шчучынскага РАУС збівалі Шчадрова, пакуль той не прызнаўся ў крадзяжы, якога не здзяйсняў. Невінаватасць мужчыны пацвердзілі пазней самыя міліцыянты пасля прагляду запісаў відэаназірання.

Тым не менш, зараз сілавікі зноў прыехалі да спадара Аляксея. Гэтым разам ад мужчыны запатрабавалі тлумачэнняў, чаму «Белсат» распавёў пра ягонае збіццё. Міліцыянты заявілі, што ў сувязі з нашымі здымкамі падпалкоўнік Сяргей Асовік завёў адміністратыўную справу. Маўляў, знялі фасад будынку Шчучынскага РАУС без дазволу.

Аляксею Шчадрову 33 гады. Сем гадоў таму ён набыў дом у вёсцы Аляксандраўка, дзе зладзіў прыватны прытулак для бяздомных. Улады няспынна ціснуць на спадара Аляксея, каб той зачыніў незарэгістраваны асяродак дапамогі. На мужчыну заводзілі крымінальную справу, а пазалетась КДБ ладзіў у прытулку ператрус.

Мы паразмаўлялі з Аляксеем Шчадровым, каб высветліць, якія прэтэнзіі меў шчучынскі ўчастковы да нашага тэлеканалу. Аўдыязапіс гэтае размовы вашай увазе:

«Ён прыехаў і сказаў, што мне трэба ў цябе і тваіх бедных узяць вытлумачэнне, таму што канал Белсат прыехаў і зрабіў рэпартаж не ўзяўшы дазвалення мясцовых уладаў – зрабілі адміністратыўнае правапарушэнне. Хто іх запрасіў? Я запрасіў, кажу. Яны бралі вытлумачэнне ў мяне, бедных».

Сітуацыю з Аляксеем Шчадровым мы папрасілі пракаментаваць сустаршыню аргкамітэту БХД Паўла Севярынца:

«Ініцыятыва Аляксея Шчадрова не звязаная ў уладай, яна дзейнічае паспяхова і высвечвае ўсю антылюдскую сутнасць гэтай улады – дзяржава не можа справіцца з тым, каб дагледзець дзясяткі бяздомных. Там ладзяцца праверкі, старшыня сельсавету і бегае і шукае, да чаго можна дачапіцца, міліцыя правярае пастаяльцаў. Самыя ўлады Горадні вывозяць бяздомных людзей за гарадзенскую кальцавую замест таго каб адчыніць для іх нармальны прытулак…»

belsat.eu