Севярынец: «Калі ёсць тэлевізар на роднай мове, тэлевізар, які гаворыць праўду, то нацыя ёсць»


Акцыя салідарнасці з «Белсатам» дайшла да Адміністрацыі прэзідэнта. Пікетоўшчыкам, у прыватнасці палітыку Паўлу Севярынцу, удалося нават увайсці ў будынак.

Гешэфт і новая «Рыжская дамова»?

Апазіцыйны палітык распавёў у «Размове Калінкінай» навошта была гэтая акцыя і які яе вынік. Павал Севярынец называе сітуацыю вакол «Белсату» гешэфтам.

«Крытыкаваць «Белсат» сёння – ліць ваду на млын Рыжскага міру, – кажа Севярынец, згадваючы сумныя старонкі гісторыі. – Пацяпленне паміж Менскам і Варшавай можа і павінна адбывацца не за кошт незалежных СМІ», – упэўнены ён.

«У рэгіёнах мяне пазнавалі, бо бачылі на “Белсаце”»

Падчас сваіх працоўных паездак па рэгіёнах Беларусі Павал Севярынец неаднаразова сустракаў сітуацыю, калі мясцовыя жыхары пазнавалі яго, бо бачылі на «Белсаце».

«Я багата езджу па Беларусі, апошнія выхадныя быў у васьмі гарадах і мястэчках – Браслаў, Міёры, Дзісна, Наваполацк… Я чуў і чую апошнія гады: «Мы вас чулі, бачылі на «Белсаце»!». Раней так казалі пра радыё «Свабода», «Народную волю». Цяпер асноўнае СМІ для беларусаў, якія выступаюць за перамены, – «Белсат». Гэта не тысячы і не дзясяткі, а сотні тысяч людзей. «Белсат» – гэта сведчанне для беларусаў, што яны нацыя», – кажа палітык.

Эпоха тэлевізару

«Цывілізацыя ў нас – фактычна тэлевізацыя. Калі ёсць тэлевізар на роднай мове, тэлевізар, які гаворыць праўду, то нацыя ёсць. Інакш будзе катастрофа. «Белсат» – адзін з чыннікаў, якія прывялі да беларусізацыі. Разбураць яго на ўзлёце – злачынства», – мяркуе Павел Севярынец.

Як успрынялі лозунгі абаронцаў «Белсату» у Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі і польскія палітыкі? Даведаецеся з відэа вышэй!

ПАДТРЫМАЙ «БЕЛСАТ»! ПАДПІШЫ ПЕТЫЦЫЮ!

ЮВ, belsat.eu