Севярынец: Ідэям БНР прыхільныя мільёны беларусаў


Пра перспектывы святкавання 100-годдзя БНР у эфіры «Белсату» разважае сустаршыня БХД Павел Севярынец.

«Першае паседжанне аргкамітэту што да акцыяў 25 сакавіка будзе праз тыдзень – 16 студзеня. Як сто гадоў таму незалежнікі, аўтанамісты, вайскоўцы, левыя і правыя аб’ядналіся дзеля стварэння БНР, гэтаксама і зараз палітычныя плыні ўсіх колераў і адценняў аб’яднаюцца дзеля святкавання такога вартаснага стагоддзя», – упэўнены палітык.

Тое, што святкаванне стагоддзя БНР не адбудзецца на дзяржаўным узроўні, на думку Паўла Севярынца, заканамерна:

«Ментальна сённяшнія кіраўнікі Беларусі ўсё яшчэ жывуць у Савецкім Саюзе. Як сваіх папярэднікаў яны ўспрымаюць камісараў, што разганялі Першы беларускі з’езд, а не тых незалежнікаў, якія прымалі Трэцюю ўстаўную грамату».

Сустаршыня Беларускіх Хрысціянскай Дэмакратыі пераконвае, што юбілей, аднак, святкаваць будзе не толькі апазіцыя.

«25 сакавіка на вуліцах мы бачым не паказнік тых, хто падтрымлівае БНР і яе ідэалы. Гэта паказнік мужнасці людзей, якія гатовы выйсці і пацярпець за гэта. Тысячы тых, хто выходзіць – паказнік таго, што Беларусь жыве. А прыхільнасць ідэям БНР вымяраецца ў мільёнах», – кажа палітык.

Поўную размову Сяргея Падсасоннага з Паўлам Севярынцам глядзіце ў відэа