Саюз з Расеяй пакіне беларусаў без штаноў


Калі Беларусь уступіла ў Мытны саюз з Расеяй, беларусы згубілі магчымасць прыгнаць недарагое аўта з Еўропы. З гэтага года – ашчадзіць на хатняй тэхніцы. «Асабісты капітал» падлічыў, што мы згубілі, а што набылі ад тых саюзаў. І да чаго рыхтавацца цяпер.

Са студзеня ўва ўсіх краінах Еўразійскага саюзу паменшыліся нормы ўвозу тавараў з-за мяжы. Але сям’я менчука Аляксея паспела абнавіць тэхніку на кухні. Ездзілі на закупы ў Польшчу, бо там тэхніка таннейшая. Аляксей шукаў лепшых коштаў праз інтэрнэт, замаўляў мадэль – і толькі тады ехаў.

«На пасудамыйцы я ашчадзіў каля 100 долараў, калі купляць яе ў нас. Потым духавая шафа таксама атрымалася каля 100 долараў», – падлічвае Аляксей.

Цяпер максімальная вага пакупак для ўвозу скарацілася з 50-ці да 25-ці кілаграмаў, а магчымы кошт рэчаў – з тысячы пяцісот да пяцісот еўраў. А хто бывае за мяжою часта, дык увогуле можа прывезці не больш за 20 кілаграмаў на трыста еўраў за раз.

У 2011 годзе праз Мытны саюз беларусы згубілі магчымасць нядорага прыгнаць з Еўропы патрыманы аўтамабіль. За 6–8 тыс. долараў з размытненнем можна было займець «Volkswagen Polo» гэтчбэк, не старэйшы за 10 гадоў. Цяпер – той жа «Polo» таго ж узросту, але седан і расейскай зборкі.

Тэхналагічныя і ўльтрасучасныя аўтамабілі цяпер большасці не даступныя. Збяднеў і мадэльны шэраг на нашым рынку. Дзясяткі марак і мадэляў, цікавых беларусам, не завозяцца, бо буйныя аўтаімпарцёры ў Мытны саюз кіруюцца густамі расейскіх пакупнікоў.

«Напрыклад, мінівэны, аўтамабілі з дызельнымі маторамі, якія мы вельмі любім. Напрыклад, аўтамабілі з кузавам універсал, іх можна на пальцах адной рукі пералічыць», – зазначае эксперт аўтамабільнага рынку, тэхнічны дырэктар кампаніі «Ідэя Кансалт» Дзмітрый Перлін.

Расейцаў цікавяць седаны або пазадарожнікі. Таму аўтавытворцы прапаноўваюць іх і беларусам. Аднак ёсць і плюс. Абмежаванні могуць паспрыяць развіццю ўласнай вытворчасці даступных аўтамабіляў. Як гэта было ў карэйцаў, а цяпер і ў кітайцаў.

Кошт аўтамабіляў аднаго класу і камплектацыі, сабраных у Японіі ды Расеі, адрозніваецца на траціну. Напрыклад, абноўлены «Mitsubishi Outlander», сабраны на заводзе пад расейскаю Калугай, можна набыць за 54 тысячы беларускіх рублёў. А японскі «Subaru Forester» каштуе пад 70 тысячаў.

У эканамістаў розныя меркаванні на конт плёну эканамічных саюзаў з Расеяй для простых беларусаў. Яраслаў Раманчук упэўнены, што найбольш выйгралі алігархі, манапалісты і кантрабандысты. А просты чалавек мае толькі невысокую камуналку і таннае паліва. Яшчэ бонус – беларусы маглі ездзіць у Расею працаваць і зарабляць грошы.

Хто прадаваў туды сваю прадукцыю, мелі стабільныя заробкі. Але мінус даволі моцны – зрабілі стаўку на расейскія энерганосьбіты, а яна не спрацавала. Бонусы ўрэшце скончыліся.

«Рыхтавацца трэба да павышэння коштаў на ЖКГ, да павышэння коштаў на транспарт, да таго, што яшчэ складаней будзе знайсці добрую працу», – прагназуе эканаміст Яраслаў Раманчук.

Эканаміст упэўнены, што ў Мытным саюзе мы проста змарнавалі час, бо ніяк не развіваліся. Арыентаваліся б на Захад – ужо навучыліся б гандляваць з Еўропаю, зараблялі б штомесяц 750 долараў. А атрымалася, што пазбягалі крызісу і ўсё роўна да яго прыйшлі.

Таксама ў праграме «Асабісты капітал»:

  • Чыноўнікі прыдумалі новы пабор
  • Сярэдні беларус жыве на 5 рублёў на дзень
  • Як беларусаў падманваюць з працай

Праграма «Асабісты капітал» цалкам:

Глядзіце праграму «Асабісты капітал» кожны панядзелак а 19:00 на тэлеканале «Белсат», а таксама онлайн на нашым сайце.

Далучайцеся да нашых старонак ў Facebook ды Одноклассниках.

Падпісвайцеся на нашу рассылку і раз на месяц вы будзеце атрымліваць ліст з чатырма найбольш карыснымі сюжэтамі «Асабістага капіталу».