Саветы не ратавалі дзеячаў беларускай культуры і кінулі іх немцам


Як беларуская інтэлігенцыя выжывала пад нямецкай акупацыяй? Пра гэта распавядае 3-я серыя цыклу адмысловых выданняў праграмы «Даты праўды», прысвечаных 80-м угодкам пачатку Другой сусветнай вайны.

Удар нямецкіх войскаў па СССР 22 чэрвеня 1941 года быў настолькі моцным, а супраціў Чырвонай Арміі настолькі нікчэмным, што савецкія ўлады не паспелі як след правесці абавязковую на выпадак вайны эвакуацыю, у тым ліку дзеячаў нацыянальнай культуры. З горам напалам на ўсход краіны дабраліся Янка Купала і Якуб Колас. Пашанцавала трупе Тэатру імя Янкі Купалы, якая акурат у гэтыя дні была на гастролях у Маскве. Адтуль, дзякуючы настойлівасці дырэктаркі Фані Аллер, камуністычныя ўлады эвакуявалі калектыў у сібірскі Томск.

Каля 80 % даваеннага насельніцтва было пакінутае на волю жорсткаму лёсу. Васьмі мільёнам цывільных грамадзянаў самім трэба было развязаць драматычную праблему біялагічнага выжывання на акупаванай чужынцамі тэрыторыі.

Нямецкая адміністрацыя паводле плану «Ост» праводзіла палітыку генацыду, рабавання і гвалту з задзейнічаннем лагераў смерці, масавых расстрэлаў габрэяў, карных аперацыяў у партызанскіх зонах. Вёскі ператвараліся ў папялішчы. Шыбеніцы ў гарадах сталі звычайнаю з’явай. З неба сыпаліся бомбы – і савецкія, і нямецкія. А яшчэ быў тэрор з боку савецкіх партызанаў. Штодня звычайны жыхар Беларусі, мусіў рабіць выбар цаною ўласнага жыцця. Як раней прыстасоўваліся да ўлады бальшавікоў, гэтак цяпер трэба было знаходзіць спосабы выжывання – або схавацца, або на ўзроўні кампрамісу суіснаваць з акупантамі, да пары да часу падпарадкаваўшыся іхнаму новаму парадку.

Беларуская інтэлігенцыя і нацыянальна арыентаванае духавенства, якія з часоў абвешчання незалежнасці БНР жылі ідэяй пабудовы ўласнай нацыянальнай дзяржавы, нават паспрабавалі скарыстацца са спрыяльнай, як ім падалося, сітуацыі. Так, адраджэнцы часоў ліхалецця сталі трагічнымі закладнікамі чужой вялікай гульні. Але створанае імі мела немалы плён.

Ладзіць у акупаванай Беларусі свой новы парадак акупанты пачалі з абмежаванняў грамадзянскіх свабодаў. Было абвешчанае надзвычайнае становішча. Усё насельніцтва падлягала абавязковай рэгістрацыі ў мясцовых адміністрацыях. Забаранялася дзейнасць усіх арганізацыяў, а таксама правядзенне мітынгаў і сходаў. Уводзіліся прапускны рэжым і каменданцкая гадзіна. Усе эканамічныя і прыродныя рэсурсы захопленых раёнаў былі абвешчаныя нямецкай уласнасцю. Уводзіліся абавязковая працоўная павіннасць і абавязковыя плацяжы.

Даты праўды
Вайна пачалася з інсцэніроўкі
2019.09.01 21:00

Пачатак вайны стаў сапраўднай катастрофай і для беларускай культуры. Згарэлі ў выніку бамбаванняў шмат якія бібліятэкі, архівы, музейныя калекцыі, рукапісы твораў пісьменнікаў. Ужо ў першыя месяцы вайны было зруйнавана шмат помнікаў гісторыі і дойлідства. Пакінутыя савецкімі ўладамі пры адступленні культурныя каштоўнасці сталі абʼектамі рабаванняў, як акупантамі, так і пэўнай часткі цывільнага насельніцтва. У Нямеччыну з беларускіх бібліятэк былі вывезеныя сотні тысяч кніг, шмат старажытных музейных экспанатаў.

Нацысты мелі на мэце аказваць культурны ўплыў на насельніцтва дзеля наступнай асіміляцыі і дамагацца прыхільнага да сябе стаўлення насельніцтва, каб не атрымліваць удары ў спіну. Нямецкая акупацыя прапагандавалася як станоўчая зʼява для перспектывы Беларусі як жыццёвай прасторы беларускага народу. У верасні 1941 года Вільгельм Кубэ, генеральны камісар Генеральнай акругі Беларусь Рэйхскамісарыяту Остланд, апублікаваў адозву «Да жыхароў Беларусі». У ёй дэкларавалася свабоднае развіццё краю. Але адозва не выклікала даверу ў людзей, якія бачылі, што акупанты рабілі насамрэч. Патрэбныя былі рэальныя, сур’ёзныя і прывабныя захады. Імі і сталі крокі па беларусізацыі адукацыі, культуры, рэлігійнага жыцця.

Беларусізацыя, як і тая, што абвесцілі бальшавікі ў 1920-я гады, выклікала натхненне ў нацыянальна-арыентаванай інтэлігенцыі. Да восені 1942-га года на тэрыторыі Генеральнай акругі Беларусь ужо дзейнічалі амаль 3,5 тыс. беларускіх школ, у якіх вучыліся каля 350 тыс. вучняў. Пераважна гэта былі пачатковыя школы. Ужо праз год немцы далі дазвол адкрыць больш за 30 сярэдніх школаў, у тым ліку – шэсць настаўніцкіх семінарый, пяць прагімназій, шаснаццаць прафесійных і некалькі медычных, тэхнічных, гандлёвых і нават мастацкіх вучэльняў.

Даты праўды
З Беларусі хацелі зрабіць фабрыку смерці
2019.09.08 22:48

У тым «новым парадку», які немцы ўсталёўвалі на беларускіх землях, адводзілася месца і рэлігіі. Вяртаннем беларусам Бога, ад якога іх адлучылі бальшавікі, нацысты таксама здабывалі сабе сімпатыю ў цывільнага насельніцтва, не кажучы ўжо пра духавенства. Немцы дазволілі аднавіць дзейнасць усіх канфесіяў, акрамя іудэйскай.

Пачалося аднаўленне старых і будаўніцтва новых цэркваў у сельскай мясцовасці. Вернікі з энтузіязмам удзельнічалі ў гэтай справе. Хрысціянскія храмы займаліся і дабрачыннай, і культурна-асьветніцкай дзейнасцю: дапамагалі бедным, апекаваліся дзіцячымі дамамі, ладзілі канцэрты духоўнай музыкі. Афіцыйна духавенства дзякавала акупацыйным уладам за права вольна вызнаваць веру. А неафійцыйна – ратавала людзей. Як на Вілейшчыне, у Даўгінаўскім касцёле імя св. Станіслава ксёндз Казімір Дарашкевіч, нягледзячы на пагрозу смерці, хаваў у касцёле і плябаніі габрэяў, тайна перадаваў прадукты ў даўгінаўскае гета.

У трагічны для Беларусі час сотні інтэлігентаў працягвалі выконваць сваё прызначэнне. Пісьменнікі, музыкі, артысты, мастакі стваралі творы мастацтва, у аснове якіх былі нацыянальныя традыцыі, гісторыя, светагляд. Настаўнікі вучылі моладзь па-беларуску і выхоўвалі ў іх патрыятызм.

У выніку акупанты былі выгнаныя, а зробленае інтэлігентамі-патрыётамі засталося нам, беларусам наступных пакаленняў. Шмат хто з іх за адданасць беларушчыне заплаціў жыццём, воляй і ў часы вайны, і пад наступнай акупацыяй камуністаў. А тыя, хто зʼехалі на Захад, экспартавалі свае здабыткі ў беларускую культуру, што развівалася ў вольным свеце і вярнулася да нас са здабыццём незалежнасці.

Аўтарскі цыкл Вячаслава Ракіцкага «Даты праўды» глядзіце штонядзелю а 19:40 праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн або ў архіве на нашай старонцы.