Савецкае мінулае замест нацыянальнай гісторыі


7 лістапада ў Горадні міліцыянты жорстка затрымалі актывістаў, якія выйшлі на галоўную вуліцу гораду з плакатам «Далоў самадзяржаўе». Мала таго, што актывістаў збілі, іх яшчэ і аштрафавалі. Апрача таго ў мясцовай гімназіі №6 рыхтуюць да адкрыцця абноўленую кампазіцыю бюста Фелікса Дзяржынскага. Пры гэтым, паводле задумы аўтараў, адзіны скульптурны комплекс акрамя бюсту ўключыць у сябе і фасад гімназіі з калонамі. Галоўны чырвоны чэкіст стаіць на школьным падворку ўжо 33 гады, зараз кіраўніцтва гімназіі задумалася пра пашырэнне маштабаў яго шанавання.

Колькі ж яшчэ ў краіне будзе працягвацца сітуацыя з захаваннем савецкіх ідалаў? Пра гэта ў Гарачым каментары з вядоўцам «Белсату» разважае гісторык і археолаг Генадзь Семянчук

«Вынік шматгадовага вычышчэння ведаў у сістэме адукацыі. Бо маем стасункі не з нацыянальнай гісторыяй, але з савецкай гісторыяй. І дамінуе толькі ідэалагічнае і штучнае, што не мае стасункаў да нацыянальнай ідэі. Гэта і спараджае абыякавасць у грамадстве», – тлумачыць Генадзь Семянчук, гісторык, археолаг.

Праблема «саўка» застаецца ў нашай краіне і праз пакаленне не сыдзе натуральным шляхам, лічыць гісторык

«Пры існых палітычных ладах, які пануе ў Беларусі, складана падыходзіць да нейкіх апраўданых, спраўджаных метадалогіяў. Бо тут працуюць прыватызаваныя якасці пэўнай асобы. Яна не абавязкова мусіць быць прэзідэнтам. І ў такой сітуацыі многія намагаюцца быць прыстасаванцамі і выканаўцамі. І змена пакаленняў абсалютна не мае да гэтага аніякага дачынення. Калі, напрыклад, 7 лістапада будзе адменена, як дзяржаўнае свята, і як у Расеі будзе праходзіць у іншы дзень і пад іншай назвай, усё роўна знойдуцца асобы, якія будуць тлумачыць, чаму гэта памянялася», – кажа Генадзь Семянчук.