Сацыёлаг: Лукашэнка лічыць, што незалежнасць - толькі ягоная справа


У Новы год віншаванне Лукашэнкі было без агеньчыка. На галоўныя пытанні адказаў не пачулі. Гэта тое, што чакае Беларусь у палітыцы і эканоміцы. Пра эканоміку, зрэшты, нічога практычна сказана і не было. Размаўляем з эканамістам Леанідам Фрыдкіным, а палітычны прагноз на 2019 дасць палітолаг Валер Карбалевіч.

Эканаміст Леанід Фрыдкін:

«Гэта быў адзін са шматлікіх гадоў, які прайшоў упустую. Не былі рэалізаваныя магчымасці, быў упушчаны час, было шмат абяцанняў. Рашэнні былі кропкавыя і бессістэмныя, і рэзультаты атрымаліся такая ж. Думаю, 2019 год будзе такім жа, як і 2018. Зроблены задзел рашэнняў, якія маглі б даць вынік, калі б былі больш паслядоўныя. Але паколькі з паслядоўнасцю ў нас усё дрэнна, то і з выкананнем абяцанняў атрымліваецца тое ж самае.

Галоўная праблема сёння ў Беларусі не па якой цане будзе нафта купляцца, а наколькі інтэнсіўна будзе праходзіць у Беларусі расслаенне на багацеючых і бяднеючых. Гэта праблема значна больш сур’ёзная, чым нафтавы манеўр ці пагашэнне знешняга доўгу. Гэта ўнутраная праблема, якая пераўтвараецца ў міну, якую абясшкодзіць становіцца вельмі складана».

Які найбольш актуальны выбар для Беларусі ў справе так званага абмену належнасці на бочку нафты? На гэты конт палітолаг Валер Карбалевіч кажа, што пытанне сапраўды вельмі важнае і істотнае для нашай краіны.

«Гэта галоўны выклік, якія стаіць перад беларускай уладай, грамадствам, краінай наагул. І таму не выпадкова, што Лукашэнка заклапочаны гэтым выбарам. На працягу тыдня ён два разы ездзіў у Маскву, каб неяк дамовіцца. У мяне ўражанне, што дамовіцца не ўдалося, бо нават па-рознаму трактуецца парадак дня той працоўнай групы, якая нібыта створаная. Расея трактуе яе як працоўную групу па інтэграцыі паводле дамовы па саюзнай дзяржаве. А вось беларускі бок трактуе яе як група па абмеркаванню спрэчных пытанняў у двухбаковых стасунках.

Лукашэнка баіцца апеляваць да грамадства, бо ён лічыць, што ён адзіны палітык у краіне. Таму падчас сустрэчы з кіраўніцтвам ураду, ён казаў, што беларусы хвалююцца, але маўляў, хвалявацца няма неабходнасці, бо гэта праблема кіраўніцтва, якое займаецца яе вырашэннем. То бок такі ж пасыл і ў справе незалежнасці краіны. Гэта не справа грамадства, людзей, але справа Лукашэнкі і не перашкаджайце гэтым займацца. Таму, верагодна, ён баіцца актыўнасці насельніцтва значна больш, чым ціску з боку Расеі».

ФОТА: REUTERS / Vasily Fedosenko / FORUM

belsat.eu