Сацыяльная дзяржава. Калі звычайны ўкол каштуе 3% ад пенсіі


Прэм’ер Сяргей Румас напярэдадні заявіў, што ў студзені сярэднія заробкі знізіліся ажно на 133 рублі ў параўнанні са снежнем (да 982 рублёў). То бок «па пяцьсот» зноў не маем. Не кажучы пра тое, што шмат беларусаў нават не марыць пра такія заробкі. Ці гэта – сацыяльная справядлівасць?

Пытанне адрасуем палітыку, дырэктару ўстановы «Еўрапейскі дыялог» Анатолю Лябедзьку:

«Дэпутаты палаты, якіх ніхто не выбіраў, яны прызначаныя, яны яшчэ і пенсію атрымліваюць каля 2 тысячаў рублёў. Дзе ў каго ў Беларусі ў Воранава, у Смаргоні ці нават у Менску такія пенсіі бачылі? Сацыяльна дзяржава – гэта словазлучэнне прыгожае, якое нават у канстытуцыі прапісана. Але ў рэальнасці Беларусь даўно ўжо ўяўляе сабою каставую краіну. У адных такія правы, такая абарона ёсць, у іншых яе проста няма. Прыклад з прызначанымі дэпутатамі адзін з нешматлікіх, які паказвае, што ў нас наадварот краіна разбітая па кастах, ёсць свае і чужыя. І натуральна, што ў кожнай гэтай групы ёсць свой узровень сацыяльнай абароны. […]

Тое самае мы можам казаць і пра судовую сістэму. На Гомельшчыне чалавек, які трапіў у так званыя спісы «дармаедаў», паспрабаваў вырашыць гэтае пытанне ў судзе. Ён туды звярнуўся са сваёй скаргай. І што? Суд адмовіўся нават разглядаць яго скаргу. Вот вам і абарона. Калі ў краіне няма незалежнай судовай сістэмы, то нельга гаварыць пра высокія сацыяльныя стандарты».

belsat.eu