Самы дарагі чыноўнік. NEXTA на «Белсаце»


10 тысяч долараў каштуе прадаць нырку, на 12 з паловаю тысяч умоўных адзінак ацанілі жыццё жанчыны, якая загінула падчас смяротнага феерверку ў Менску – такая кампенсацыя. Найдаражэйшая, лакшэры-версія «Джылі» каштуе 26 тысячаў 500 долараў. За 30–40 тысяч долараў можна набыць чатырохпакаёўку ў цэнтры Слоніму. А на 100 тысяч долараў ацаніў свае маральныя пакуты беларускі чыноўнік. Кіраўнік Слонімскага райвыканкаму падаў пазоў на абарону свайго гонару і годнасці супраць блогера NEXTA ды трох інтэрнэт-парталаў.

Генадзь Хоміч, старшыня Слонімскага райвыканкаму:

«Распространённые в отношении меня недостоверные сведения являются порочащими мои честь и достоинство, наносящими урон моей деловой репутации как руководителя и причинившими мне глубокие нравственные страдания. Я по настоящее время тяжело переживаю ложные обвинения о недостойном поведении меня в быту, на работе».

Настолькі моцныя «маральныя пакуты» дзяржслужбовец зазнаў праз публікацыю ў тэлеграм-канале NEXTA, у якой сцвярджалася, што ён разам з жонкай трапіліся п’янымі за стырном аўта. Прыхаваць інцыдэнт і пазбегчы адказнасці ў выніку атрымалася. Цяпер чыноўнік, які абразіўся яшчэ і на слова «царок», намагаецца даказаць, што ён – выключна за здаровы лад жыцця ды пʼе максімум ёгурты. Але ж ці могуць ягоныя «маральныя пакуты» каштаваць 100 тысяч долараў?

Колькі каштуе гонар і годнасць беларускага чыноўніка, мы запыталіся ў жыхароў Віцебску, а таксама паспрабавалі патэлефанаваць непасрэдна Генадзю Хомічу, каб даведацца пра ўсё з першых вуснаў: чаму не хапае дзяржаўных сродкаў на рамонт шпіталю, ці не за дзяржаўны кошт ён браў адваката ды ці не задорага каштуюць ягоныя маральныя пакуты?

Дарэчы, сплаціць блогеру буйны штраф можа дапамагчы і дзяржава. У інтэрнэце зʼявілася петыцыя з патрабаваннем прафінансаваць Telegram-канал з бюджэту краіны. Яе аўтар – актывіст Крысціян Шынкевіч:

«Дадзеную петыцыю я вырашыў стварыць, як даведаўся, колькі грошай ідзе на Белтэлерадыёкампанію. У нашай краіне сапраўды вельмі шмат розных праблемаў, але яны не бяруцца пад увагу Белтэлерадыёкампаніяй. Яны паказваюць толькі вусатага калгасніка, які ўжо за астатнія 25 гадоў надакучыў усёй краіне. Я спадзяюся, што Белтэлерадыёкампанія будзе атрымліваць толькі 10 тысяч рублёў у год, а Сцяпану пойдуць астатнія грошы. І будзем сапраўды атрымліваць больш якасную інфармацыю».

У гэтым годзе з дзяржаўнага бюджэту на сродкі масавай інфармацыі ў Беларусі вылучана больш за 68 мільёнаў долараў. Гэта прыблізна 680 маральных пакутаў Генадзя Хоміча.

***

Таксама ў выданні: уладальнік падарунку ад Ілана Маска правёў «шчырую размову» з украінскімі журналістамі, дзе прызнаўся: прэзідэнтамі не становяцца, імі нараджаюцца. Цікава толькі, ці Коля нарадзіўся прэзідэнтам? Але дакладна вядома, што ў атачэнні дзясятка прыгажунь ён перадаў ураджай дому-інтэрнату для ветэранаў. Дапамагаць іншым – таксама фішка Лукашэнкаў. Сірыйцам – гімнастычныя абручы ды тушаніну, у Венесуэлу – 500 тонаў сухога малака. Цяпер дапаможам і ўкраінцам.

А што з аднаўленнем эканомікі ў самой Беларусі? Тут трэба пачакаць…

«Нам яшчэ, можа быць, 50, можа, 100 гадоў патрэбныя для таго, каб мы як невялікая, дапусцім, Фінляндыя, Аўстрыя ці Швейцарыя сваё месца знайшлі. Напэўна, наш час стабільнасці яшчэ не прыйшоў».

Вось вам і гарант стабільнасці, які 25 гадоў аберагаў ды нёс гэты крышталёвы сасуд, астравок стабільнасці ў цэнтры Еўропы.

Заяўляў пра польскіх Пазняка і Шушкевіча ды казаў, што не хоча нікога нікуды цалаваць, а напрыканцы трапна падсумаваў усе свае выслоўі:

«Вось я вам сумбур гэты наварочаў».

Бо языком малоць – не даўгунец церабіць. А пытанняў па лёне назбіралася багата. Да прыкладу, вохкалі ці не вохкалі Доналд Трамп і ягоная жонка ад беларускіх вырабаў, як паказала АНТ:

«Я нядаўна жонцы прэзідэнта ЗША перадаў вырабы з лёну, яны ахаюць і вохкаюць, дзе гэта можна купіць».

Але, як аказалася, вохкалі не тыя.

«Калі я камусьці дару, аршанцы навучыліся рабіць гэтыя падарункі, яны ахаюць і вохкаюць ды пытаюць, дзе гэта можна купіць».

Было б смешна, калі б не было так сумна ад таго, што АНТ зараз будзе весці сурʼёзную барацьбу з фэйкамі. Ствараюць нават адмысловую праграму.

Сцяпан Святлоў belsat.eu

Калаж з фота: slonim.grodno-region.by