Саміт НАТО ў Варшаве: ужо заўтра


«Мясцовыя жыхары і госці могуць пачувацца бяспечна, бо мы падрыхтавалі наш грамадскі транспарт да надзвычайных сітуацыяў – да прыкладу, як паводзіцца падчас тэрарыстычнай атакі», – кажа намеснік мэра Варшавы Ярослаў Юзьвяк.

Сярод іншага, чакаецца, што краіны – удзельніцы альянсу ўхваляць на саміце рашэнне аб размяшчэнні чатырох батальёнаў НАТО на сваіх усходніх рубяжах: па тысячы жаўнераў у Польшчы, Літве, Латвіі ды Эстоніі. А таксама аб аказанні палітычнай і практычнай дапамогі Украіне. Гэткія захады маюць стацца адказам на агрэсіўную вонкавую палітыку, якую вядзе Расея цягам апошніх гадоў.

«Дзеянні Расеі ў дачыненні Украіны паглыбляюць крызіс у рэгіёне. Калі ж закон і непарушнасць межаў аспрэчваецца кім-колечы і на словах, і дзеяннямі, то давер да парушальніка страчваецца. І зразумела, што нашыя хаўруснікі на ўсходзе найперш устурбаваныя сітуацыяй», – кажа канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель.

Менавіта таму Паўночна-Атлантычны альянс ужо цяпер заяўляе, што гатовы бараніць кожнага са сваіх чальцоў – як у выпадку ваеннага нападу, гэтак і пры кібер-атаках. Між тым у адказ на абарончую стратэгію НАТО Крэмль цвердзіць пра намер размясціць на сваіх заходніх рубяжах да 30-ці тысяч вайскоўцаў.Валеры Руселік, «Белсат», Варшава