Самагубства ў міліцэйскай машыне. Сястра загінулага гатовая звярнуцца да Лукашэнкі


Следчы камітэт працягнуў да 15 лютага правяранне па факце смерці вяскоўца з-пад Нясвіжа, які нібыта павесіўся ў міліцэйскай машыне. Сваякам загінулага дагэтуль не далі магчымасці цалкам азнаёміцца з дакументамі справы, у тым ліку з тэкстам медэкспертызы. Не паказалі цалкам і відэа з салону машыны, у якой нібыта павесіўся 48-мігадовы Сяргей Абрамовіч, хоць відэа ёсць у матэрыялах справы. Затое ўчастковы інспектар Яўген Дудзь, у машыне якога знайшлі павешаным вяскоўца, раптоўна пайшоў на павышэнне і атрымаў пагоны старэйшага лейтэнанта.

«Белсат» ад пачатку сочыць за гэтай трагічнай гісторыяй і чарговы раз выехаў на месца, дзе паразмаўляў з Інай Русак, сястрой загінулага, якая не верыць у афіцыйную версію смерці брата. Іна Русак, сястра загінулага Сяргея Абрамовіча:

«Я некаторыя запісы з рэгістратара бачыла, але не ўсе. Мяне яшчэ непакоіць тое, што выезд з Затур’і, дзе яны правяралі гэтага паднагляднага, быў а 17:05, а час смерці стаіць 18:31. То бок да месца смерці, да Пагулянкі, там літаральна хвілінаў 20. Гэта калі ехаць не спяшаючыся. Гадзіна незразумела куды знікла… Мне сказалі, што ён гэта зрабіў сам. Ну добра, калі сам, то пакажыце мне ўсе запісы, каб я была ўпэўненая, што ён гэта зрабіў сам…»

Вольга Чайчыц, журналістка:

«Версія пра суіцыд ужо пацверджаная медэкспертызай нібыта, якую Іна Русак бачыла, але ён не дазволілі зрабіць копіі гэтай экспертызы, нават не дазволілі зрабіць выпіскі. Яна казала, што вельмі шмат пытанняў нават да медэкспертызы. Таму што там сказана, што ва ўнутраных органах мужчыны была знойдзеная жоўць, а гэта магчыма толькі ў выпадку траўмы, калі жоўцевы пузыр быў пашкоджаны. У гэтай жа экспертызе быў пазначаны памер шнурка, на якім нібыта быў павешаны Сяргей, а гэта ўсяго 46 сантыметраў, што вельмі мала. Але афіцыйная версія экспертызы – асфіксія ў выніку ўдушша. Іне казалі, што на момант экспертызаў, міліцыянтаў адлучаць ад працы, а аднаго з іх нават узнагародзілі за нібыта бездакорную працу».

belsat.eu