Сакрэтны востраў для чыноўнікаў. NEXTA на «Белсаце»


Калі верыць дзяржаўнаму тэлебачанню, цяпер уся краіна жыве выключна ўборачнаю кампаніяй.

«Жэстачайшы кантроль па лёне і сур’ёзны кантроль па рапсе», – кажа Лукашэнка.

Генеральны пракурор, міністры ўнутраных справаў, сельскай гаспадаркі ды харчоў, кіраўніцтва Савету Міністраў, Камітэту дзяржкантролю – усе занятыя выключна ўраджаем.

«Уборачная кампанія будзе доўжыцца 20 дзён. За 20 дзён нам трэба прыбраць, каб ні зярнятка не прапала. Хвалюемся, вядома».

«Ураджай у нас вельмі добры, вялікі, дзякуй кіраўніку, кіраўніцтву».

«Зяць у мяне працуе на камбайне, казаў, што вельмі добры патэнцыял, хе-хе», – распавядаюць жыхары Магілёўскай вобласці.

Прыбіраюць не толькі ўраджай, але і двары. У Смаргоні за няўдзел у мясцовым суботніку жыхарам прыгразілі нават адміністратыўным пратаколам! Мы патэлефанавалі ў смаргонскі «управдом», але паводле якога артыкулу будуць выпісаныя пратаколы, гэтак і не даведаліся.

Затое даведаліся пра сакрэтны востраў, на якім, імаверна, адпачывае найвышэйшае кіраўніцтва МНС і не толькі. Паводле крыніцы тэлеграм-каналу Nexta, на Цнянскім вадасховішчы ёсць база адпачынку, і не для простых смяротных, а негалосная:

«Ёсць лазня, кухня, зашклёныя альтанка і мангал. Унутры лазні – пакоі адпачынку з мэбляй з масіву, электракаміны, дарагая акустыка, караоке і велізарны плазменны тэлевізар. Адпачываць прыязджаюць не толькі кіраўнік МНС з намеснікамі, але і іншыя сілавікі – ад Генпракуратуры да Службы бяспекі прэзідэнта. Бачылі кіраўніка Савету бяспекі Зася».

І сапраўды, зняць абʼект атрымалася толькі з дрону. Уздоўж перыметру – вялікі плот. А найсакрэтнейшы абʼект мае яшчэ і дадатковую агароджу. Відаць, гэта самы таемны ў краіне «комплекс адпачынку вадалазаў» – так абʼект пазначаны ў дакументах. Вось толькі пагружаюцца там не толькі ў сінь возера…

Сцяпан Святлоў, belsat.eu