Суб'ектыў Сакрэтны гараж Лукашэнкі. NEXTA на «Белсаце»


Лукашэнку куды больш прыемна ездзіць не на аўтобусе, а на ўласных аўтах. Тым больш, што выбар у яго багаты… ва ўсіх сэнсах гэтага слова. У інтэрнэце з’явіліся здымкі, як мяркуецца, з уласнага гаража кіраўніка Беларусі. Ананімныя крыніцы сцвярджаюць, што кіраўнік Беларусі мае патаемнае дарагое хобі – калекцыянаванне антыкварных аўтаў.

У сакрэтным гаражы Адміністрацыі «прэзідэнта» у Менску знайшоўся ўжо другі «Роўлз-Ройс» сярэдзіны мінулага стагоддзя ў ідэальным стане коштам не менш за некалькі мільёнаў долараў. Аднак пераважаюць у парку рэтрааўтамабілі.

Тут можна знайсці і браніраваны ЗІС-115, і мару тыповага савецкага калгасніка «Масквіч-2140». Ёсць у незвычайным аўтапарку і той самы «казёл» ГАЗ-69, на якім кіраўнік Беларусі вазіў калісьці свайго расейскага калегу. Дарэчы, Лукашэнка не толькі калекцыянуе, але і прадае аўты (якіх, паводле афіцыйнай дэкларацыі, наагул не мае).

У польскім аўтамузеі знайшлася «Чайка» (ГАЗ-14) 1982 года выпуску, якую, згодна з апісаннем, выкупілі ў кіраўніка Беларусі яшчэ ў 2000-м. А вось сучасных электракараў у сакрэтным гаражы няма. Хаця, здавалася б, і IT-краіна, і электрычнасць ад АЭС трэба будзе некуды падзець.

«Пачынаючы ад электраровараў і сканчаючы МАЗам, трактарам на электрычнай цязе і гэтак далей. Каб сваё было», – казаў Лукашэнка на пачатку года. Аднак нават напаўайчыннага «Джылі» у сакрэтным гаражы пакуль таксама няма.

***

Не звычайнае запанібрацкае «ТЫ», а «Ваша правасхадзіцельства». Прэзідэнт Егіпту Абдэльфатах Саід Хусэйн Халіль ас-Сісі пачуваўся ў Беларусі асобаю ўзроўню не ніжэйшага за кіраўніка звышдзяржавы. Тут табе і перамовы ў вузкім складзе, і ў пашыраным, і сустрэча з медыямі, і падпісанне дакументаў, і нават пасадка дрэва! А дзеля развітання з важным госцем кіраўнік Беларусі нават прачнуўся а пятай раніцы.

«Я чалавек вясковы, прывык а 5-й прасыпацца», – сказаў Аляксандр Лукашэнка ды ўручыў калегу тыпова беларускую ссабойку: «Ікра! Самая лепшая ў свеце». Ну, і трускаўкі – тое, чаго гэтак не хапае Егіпту. Ну што ж, як кажуць, калі няма рыб, добры і грыб. Можа, нешта і перападзе ад Егіпту ў адказ.

Сцяпан Святлоў, belsat.eu

Калаж з фота: Alexei Druzhinin / Russian Presidential Press and Information Office / TASS / Forum

Глядзі таксама
Каментары