Рыхтуем танны і карысны калядны стол


Кацярына і Павел гадаваліся ў каталіцкіх сем’ях, і цяпер ва ўласным доме таксама захоўваюць традыцыі. Стравы на калядны стол у сям’і гатуюць загадзя. І першая з іх – куцця.

Груцу Кацярына варыць хвілінаў сорак, а потым яшчэ паўгадзіны гатуе ў духоўцы ў жбаночку. Муж таўчэ мак да такога стану, каб пусціў малачко. Гэтак куццю гатуюць Паўлавы бацькі.

Калі ўсё гатова, мак і разынкі перамешваюцца ў жбанку з груцай – і на ўласны густ, каб было саладзей, дадаецца мёд.

«Пачынаем рыхтаваць стол. Спачатку засцілаем яго сенам. Потым абрус, які застаўся, яшчэ рабіла Каціна прабабуля. І аздабляем стравамі. Усе стравы павінны не ўтрымліваць ні малака, ні яек, усе посныя», – тлумачыць Павел Вільтоўскі.

Бацька чытае малітву святочную, і ўсе разам сядаюць за стол, пачынаючы ўсе стравы есці спачатку ад куцці.

На калядным стале мусіць быць 12 разнастайных страваў.

Прафесійны кухар Аляксей Радзько прапаноўвае аздобіць вячэру марынаванымі галубцамі з гароднінай – капустай, буракамі, моркваю і грыбамі. Часнык і воцат на марынад таксама знойдуцца ў кожным доме.

Капусную храпку адразаем ад качана, каб прасцей разбіраць яго на лісце. Кладзем у кіпень, каб лісце зрабілася мякчэйшае, як для галубцоў. А свежыя моркву і буракі націраем на тарцы. Грыбы Аляксей наразае і падсмажвае. І рыхтуе марынад. Вада мусіць закіпець, каб растварыўся цукар і соль, і тады марынад будзе гатовы.

Дадаем у яго крыху падпалены лаўровы ліст, часнык, духмяны перац і крыху алею. Калі вада згатуецца – яшчэ і воцат. Гэта класічны марынад для капусты правансаль. У мяккія капусныя лісты закручваем розныя варыянты начыння.

«Саленні, мачэнні традыцыйна ў Беларусі заўсёды рыхтавалі. Гэта крыху адаптаванае пад такі фармат. Тады ніхто не займаўся такой закруткай, але затое гэта зручна есці», – тлумачыць Аляксей Радзько.

Потым скруткі заліваюцца марынадам, прыціскаюцца каменнем і на некалькі дзён застаюцца ў халодным месцы – марынавацца. Гэта зручна, бо страву можна згатаваць загадзя.

Марынад па-правансальску

  • вада – 700 г
  • цукар – 100 г
  • воцат – 100 г
  • соль – 1,5 ст. л.
  • алей – 1 ст. л.
  • 2–3 лаўровыя лісткі
  • духмяны перац
  • часнык

Тры крокі:

1. дадаць у ваду соль, цукар, спецыі ды алей;

2. закіпяціць;

3. выключыць і дадаць воцат.

Маргарыта Шабуневіч – блогерка, якая піша пра здаровае харчаванне.

Цяжка паверыць, што Маргарыта калісьці скінула каля 30 кг. Збалансаванае харчаванне дапамагае ёй захоўваць добрую форму. Усім, хто хоча таго ж, яна раіць на святы згатаваць кекс з нятлустага тварагу. Замест звычайнай мукі яна возьме цэльназерневую.

«Будзем пекчы Калядны твараговы кекс. Ён гатуецца вельмі хутка, літаральна 30 хвілін, і 10 хвілін – на замес. Гэта будзе карысны кекс, які можна есці без шкоды для фігуры», – анансуе Маргарыта.

Цукар яна замяніла на тры лыжкі мёду, а вялікую колькасць масла – яблычным пюрэ. Яйкі ўзбіла з тварагом, дадала мёд і мускатны гарэх, карыцу, імберац і сухафрукты. Потым – муку і аўсянку, разрыхляльнік, заліла ўсё ў форму і паставіла ў печку.

Што да выдаткаў, гэты дэсерт быў найдаражэйшай стравай на нашым святочным стале – інгрэдыенты для яго каштавалі каля Br 5, і яшчэ столькі ж – сухафрукты і гарэхі. На другім месцы – куцця, за кошт разынак і маку жбанок куцці будзе каштаваць рублі 4. А закуска з галубцоў руплівай гаспадыні ці ўласніку невялікай гаспадаркі ўвогуле не будзе каштаваць нічога.

Таксама ў праграме «Асабісты капітал»:

Праграма «Асабісты капітал» цалкам:

Глядзіце праграму «Асабісты капітал» кожны панядзелак а 19:00 на тэлеканале «Белсат», а таксама онлайн на нашым сайце.

Далучайцеся да нашых старонак ў Facebook ды Одноклассниках.

Падпісвайцеся на нашу рассылку і раз на месяц вы будзеце атрымліваць ліст з чатырма найбольш карыснымі сюжэтамі «Асабістага капіталу».