Агляд падзеяў культуры Рухайся, бо ўсё адно ж памрэш! Фэст супраць сумневаў


Музыка, вершы, тэатр – навошта? Пытанне гучыць абсурдна. Насамрэч гэта назва фэсту, які сабраў у клубе «Бруге» гэтыя тры віды мастацтва.

Фэст паяднаў творчыя асяродкі, якія нячаста перасякаюцца. Выступы паэтаў і музыкаў перамяжоўваліся перформансамі эксперыментальных тэатраў. Арганізатары імкнуліся сабраць менавіта андэграўндных артыстаў, якія праз уласную сціпласць і нефарматнасць, магчыма, не надта раскручаныя і вядомыя.

«Тых, хто ўмее піярыць сябе, – дастаткова, а ёсць людзі таленавітыя, якія не вельмі ўмеюць гэта рабіць. Таму мы хацелі б аб’ядноўваць іх у такія мерапрыемствы, каб яны ведалі, навошта яны гэта робяць, каб бачылі людзей», – тлумачыць арганізатарка фэсту, паэтка Наста Кудасава.

Прэч сумневы, бо яны толькі замінаюць творчасці! – лічыць музыка Сяргей Пукст і заклікае не вагацца, а проста дзеяць:

«Мне падаецца, фестываль высмейвае самае ідыёцкае беларускае (насамрэч, можа, і ўсеагульнае) пытанне: «А навошта? Нафіг я гэта раблю?» Пастаянна мы бачым кучу нейкіх курдзюкоў каля тэлевізара, якія сядзяць і пытаюцца: «А навошта я тут буду рухацца?» Ну рухайся, бо ўсё адно ж памрэш! Ты ж усё адно памрэш у рэшце рэшт».

Сумневы канчаткова развеялі гэдлайнеры фестывалю, гурты «Кропка К.» і «TonqiXod», а на пытанне «Навошта?» публіка адказала танцамі.

Іншыя тэмы:

  • Першы фестываль вулічнай музыкі «Karol Jan Open Air»
  • Майстар-клас вырабу велікодных пісанак у філіяле Веткаўскага музею ў Гомлі

Аляксандра Дорская, Ірына Дарафейчук, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары