Рубрыка: Падзея сезону. «Рок-ветэраны запаляюць!»


Рок-ветэраны вабяць шмат увагі. Закрыць лыжны сезон у швейцарскіх Альпах заўжды запрашаюць якіх-небудзь вядомых класікаў.., і яшчэ цікавы факт: калі навіны тычацца гурта «Eagles», яны выходзяць на першыя радкі таблоідаў, а што ўжо казаць пра дзядоў Роўлінгаў? Кожны іх крок любыя медыі асвятляюць уважліва і падрабязна.

Новы студыйны альбом «Роўлінгаў» узначаліў чарты продажаў у 15 краінах свету.

Міку Джэгеру ўлетку споўніцца 74. Старэйшаму чальцу гурта Чарлі Ўотсу будзе 76. Сакрэт маладосці дзядоў невядомы. Нядаўна яны абʼявілі, што ў верасні і кастрычніку 2017 паедуць у чарговы канцэртавы тур па Еўропе. Назва туру – «Стоўнз без фільтру». Карʼера каманды доўжыцца ўжо цягам 55-ці гадоў.

Рэшткі славутага гурта Eagles абʼявілі ў 2016-м, пасля смерці аднаго з заснавальнікаў Глена Фрэя, што больш ніколі не будуць выступаць. Раптам зрабілася вядомым, што менеджмент гурта распачаў судовую справу супраць гатэля, які абраў слова Каліфорнія ў якасці назвы.

«Гатэль Каліфорнія» – адна з найвядомейшых у свеце песень. Таму суд можа не дазволіць гатэлю піярыцца за кошт гурта Eagles. Таксама паступіла свежая вестка – рэшткі «Eagles» у ліпені 2017-га ўсё-такі будуць граць на шэрагу класік-рок фестываляў у ЗША.

На знакамітым аўстрыйскім лыжным курорце Ішгль, паводле традыцыі, на мяжы красавіка і траўня адбываецца закрыццё сезону. Адна з імпрэзаў закрыцця – легендарны «Канцэрт на вяршыні гары».

У папярэднія гады там выступалі гурты «Muse», «Deep Purple», Робі Уільямс, Джэймз Блант. Сёлета сюды запрасілі «бацьку італьянскага блюзу» Дзукера.

Музыканту цяпер 61, але выглядае ён значна горш, калі раўняць з тымі ж Роўлінгамі. «Цяпер мушу быць асцярожным: не піць шмат віна перад выступам, як раней. Бо зʼязджаеш з глузду і нічога не разумееш. Трэба сцерагчыся».

Летась Дзукера запісаў новы студыйны альбом з назвай «Чорны кот». Ён быў гітовым у Італіі ды Аўстрыі. Пасля канцэрта на лыжным курорце Ішгль, Дзукера паехаў далей па свеце – выступаць у Нямеччыне, Аўстраліі ды Японіі.

Сяргей Філімонаў