Робім толькі на банкі: прыбыткі беларусаў сыходзяць на выплату пазыкаў




Эксперт «Асабістага капіталу» Міхал Залескі распавядае, колькі пазыкаў набралі беларусы і як гэта паўплывае на іх жыццё.

Няма нічога кепскага ў пазыцы. Ну з кім не бывае: у аднаго не хапае, у другога ёсць. Узяў – потым аддаў, той бяды. Кепскае пачынаецца, калі ўзяў, а аддаць няма чым. Не ўбачыў межаў сваіх магчымасцяў, не прадбачыў нечаканасцяў.

Відавочна, калі нейкая дзейнасць мае тысячагадовую гісторыю, у Бібліі апісана, ды да таго ж ёсць звычайнай, масавай, павінны скласціся нейкія практычныя нормы, а яны часцяком лепш за навуковыя рэкамендацыі.

Глядзіце, у студзені 2017 году запазычанасць грамадзянаў перад банкамі была 7,2 мільярда рублёў, а ў студзені 2018 на 1,9 мільярда болей.

У жніўні 2017 запазычанасць была 7,9 мільярды, а ў жніўні 2018 году ажно 10,4 – на 2 з палавінаю мільярды рублёў болей. Значыць сёлета за 8 месяцаў запазычанасць расла ўдвая хутчэй чым летась.

Няўжо прыбыткі тых, што пазычалі грошы ў банках раслі з такой жа хуткасцю? Хутчэй не прыбыткі, а патрэбы, бягучымі прыбыткамі не падмацаваныя. Што праўда, доля запазычанасці па крэдытах на спажывецкія патрэбы ў агульнай суме скарацілася сёлета: у жніўні 2017 яна складала 26%, а сёлета 19.

Але сёлетнія 19% на паўтары мільярды рублёў болей леташніх 26. Вось дзе небяспечная гульня лічбаў! Прадаўцы і вытворцы тавараў павялічылі рэалізацыю за кошт штучна задаволеных жаданняў спажыўцоў.

Тое самае зрабілі і будаўнікі. Там праўда тэрміны вяртання больш спрыяльныя, але ж і сумы значна большыя. Ды і здарыцца за той час, пакуль аддасі, многа чаго можа. І здараецца. Пратэрмінаваная і працягнутая запазычанасць грамадзянаў перад банкамі са жніўня 2017 па жнівень 2018 узрасла на паўтары мільёны рублёў і дасягнула амаль 49 мільёнаў.

Дамарослыя стратэгі хмыкнуць, маўляў, што за сума ў маштабах дзяржавы. Але ж гэта не дзяржава, а жывыя людзі з сярэднім заробкам атрыманым на рукі ў 900 рублёў на месяц. Ім жа не толькі на банк рабіць трэба.

І праўда, чаму мы ўсё пра банк? Па першае, таму што Нацыянальны Банк дае надзейныя звесткі і мы імі карыстаемся. А па другое – усе астатнія пазыкі – лес цёмны і страшны. Усе бачылі аб’яўкі, каторымі ўсё што можна і што нельга залеплена пра «деньги в долг», усе чулі пра людзей, каторым давялося з маёнткам развітацца праз іх неабачлівасць.

Нацбанкам улічана 103 мікрафінансавыя арганізацыі; запазычанасць перад імі складае на сёння прыкладна 14-15 мільёнаў рублёў. Пазычаюць і адно ў аднаго, крэдытораў такіх маем па экспертнай ацэнцы пад 100 тысяч, ім вінаватыя больш за 90 мільёнаў.

З іншымі крэдыторамі ўмовы пазыкі і пакаранне за тое, што не вяртаеш, рэгулююць паняцці, часам суд з міліцыяй, а найболей: воля ўдзельнікаў працэсу. А практычная норма? Яна такая: на вяртанне доўгу павінна ісці не больш чым сёмая частка заробку. Поспехаў.

Таксама ў праграме «Асабісты капітал»:

  • Як беларускія спажыўцы разводзяць прадаўцоў
  • Працаўнікі ЖЭСу могуць не прыбіраць ваш пад’езд, калі не хочуць
  • Сто рублёў за вечар: як зарабляюць беларускія падлеткі

Праграма «Асабісты капітал» цалкам:

Глядзіце праграму «Асабісты капітал» кожны панядзелак а 19:00 на тэлеканале «Белсат», а таксама онлайн на нашым сайце.

Далучайцеся да нашых старонак ў Facebook ды Одноклассниках.

Падпісвайцеся на нашу рассылку і раз на месяц вы будзеце атрымліваць ліст з чатырма найбольш карыснымі сюжэтамі «Асабістага капіталу».