Рэвалюцыя з розных бакоў: Artes Liberales 2017


Тры тыдні ды амаль паўсотні падзеяў – лекцыі і дыскусіі, кінапрагляды і выставы, канцэрты і перформансы. У Менску стартаваў мастацка-адукацыйны фестываль Artes Liberales 2017. Рэалізуюць праект студэнты і выкладчыкі Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэту, а таксама запрошаныя беларускія ды замежныя госці.

«Я рады паказваць свае працы тут, бо прасторы, дзе грамадзяне яднаюцца, каб змагацца за сваю свабоду, гэта жывыя прасторы, і тут я адчуваю салідарнасць», – дзеліцца ўражаннямі мастак з Украіны Нікіта Кадан.

Тэму фестывалю – «Эпоха рэвалюцыяў» – арганізатары абралі не выпадкова: сёлета спаўняецца 100 гадоў Кастрычніцкай рэвалюцыі. А ў іншай частцы планеты ў гэты ж час французскі мастак Марсэль Дзюшан стварыў уласную культурніцкую рэвалюцыю, ён выставіў у нью-ёркскай галерэі перакулены пісуар, назваўшы яго «Фантанам».

«Мы пастанавілі, што ў межах праекту важна абмеркаваць ідэю рэвалюцыі як такую, як яна змянялася, якія сучасныя дыскусіі звязаныя з ідэяй рэвалюцыі ды як яна праяўляецца ў розных галінах ведаў і сацыяльных дачыненняў», – тлумачыць выбар тэмы кіраўніца праекту Artes Liberales, прафесар ЕГУ Альміра Усманава.

Рэвалюцыю цягам трох тыдняў асэнсоўваюць разам з мастакамі, музыкамі, пісьменнікамі, тэарэтыкамі. Гістарычны блок пачаўся з лекцыі Андрэя Чарнякевіча «Беларуская нацыянальная рэвалюцыя», наперадзе гістарычныя тэмы ад Іны Соркінай, Ірыны Раманавай і Сяргея Харэўскага. «Асобны тэматычны блок звязаны з музыкамі, у межах гэтага блоку ўжо адбыўся першы канцэрт, прыедуць музыкі з Польшчы ды Украіны», – распавядае Альміра Усманава.

У далейшых прэзентацыях возьмуць удзел мастакі з Украіны і Нямеччыны, якія выступяць на тэмы дэсаветысацыі, гістарычнай памяці ды пра ідэі ўтопіяў. Паспрабуюць удзельнікі дыскусіяў знайсці альтэрнатыву патрыярхату і нацыянальнай ідэі.

Большасць імпрэзаў фестывалю Artes Liberales адбудзецца ў Галерэі «Ў», а завершыцца мастацка-адукацыйны праект 30 красавіка.

Іншыя тэмы: «Юбілей» праекту delaemvmeste.by: сотым мастаком у галерэі стаў Алесь Пушкін.

З траўня вуліца Замкавая ў Лідзе зробіцца пешаходнаю.

Юлка Каціч прэзентавала відэакліп на трэк «Цені» з малюнкамі пяском.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»