Рэцэпт рэвалюцыі па-армянску – у «ПраСвеце» з Алінаю Коўшык




Тлустую кропку ў армянскай рэвалюцыі паставіў армянскі народ на датэрміновых выбарах у парламент. Эйфарыя ад перамогі з лагеру трыумфатараў, блоку Нікола Пашыньяна «Мой крок», знікае і застаецца пытанне: як адрамантаваць дзяржаву? Здымачная група «ПраСвету» два тыдні працавала ў Арменіі, наведвала кабінеты ў міністэрствах, ганялася за кандыдатамі ў дэпутаты па гарах і далінах падчас кампаніі, выслухвала гісторыі ахвяраў спітакскага землятрусу ды наведвала вёскі, дзе сяляне цвёрда стаяць на нагах, і адзінае, чаго яны прагнуць, – каб ім не перашкаджалі. Вашай увазе – другое адмысловае выданне «Прасвету», прысвечанае Арменіі.

Пашыньян трыумфуе. Куды пасля перамогі?

Больш за семдзесят адсоткаў галасоў выбарнікаў. Блок Нікола Пашыньяна «Мой крок» надзвычай упэўнена перамог на датэрміновых парламенцкіх выбарах на мінулых выходных. Папярэднія гаспадары ўраду – Рэспубліканская партыя Арменіі – нават не прайшлі ў парламент. Усё як дагэтуль – даволі прадказальна. Але куды далей крочыць Арменія Пашыньяна? Пакуль новы лідар выступіў з добра вядомым беларусам абяцаннем сябраваць і з Захадам, і з Расеяй. Усевалад Шлыкаў.

Манвэл Саргсьян – пра рэцэпт змены ўлады па-армянску

Армянская мірная змена ўлады здзівіла ўвесь свет сваёй лёгкасцю. Імправізаваныя вулічныя пратэсты ці стратэгія супраціву, якую эксперты выпрацоўвалі гадамі? Сяргей Пеляса паразмаўляў з адным з айцоў рэвалюцыі, кіраўніком Цэнтру стратэгічных і нацыянальных даследаванняў Манвэлам Саргсьяням. Поўную 35-хвілінную версію інтэрв’ю шукайце з панядзелка на профілі «ПраСвету» у сацыяльнай сетцы «Facebook».

Выклікі для новага парламенту. Ці абяцанні стануць дзеяннямі?

Адсвяткаваўшы перамогу, дэпутаты ад блоку «Мой крок» рыхтуюцца рэалізоўваць свае абяцанні з выбарчай кампаніі ды будаваць новую Арменію. 7 паслярэвалюцыйных месяцаў прынеслі першы плён, але праблемаў усцяж багата. Якія выклікі стаяць перад новымі дэпутатамі, высвятляла Вольга Жарнасек.

Закладнікі спітакскага землятрусу. 30 гадоў у бараках

30 секундаў працягваўся землятрус у 1988 г. 30 гадоў таму, калі здарылася гэтая трагедыя, на дапамогу пацярпелым прыйшла палова свету. 111 краінаў ды ўсе савецкія рэспублікі бралі ўдзел у аднаўленні Арменіі ад наступстваў спітакскага землятрусу, у якім паводле самых сціплых падлікаў загінулі 25 тысячаў чалавек. Але хуткі развал СССР ды вайна з суседнім Азербайджанам адсунулі трагедыю на другі план. За наступныя 27 гадоў незалежнасці ўлады Арменіі не знайшлі часу ды магчымасці, каб дапамагчы пацярпелым. З прыходам новай улады ў закладнікаў Спітаку нараджаецца надзея. Пра лёс забытых жыхароў з самага эпіцэнтру землятрусу – рэпартаж Ігара Кулея, Сяргея Пелясы і Сяргея Марчыка.