Вардамацкі: «Рэйтынгу Лукашэнкі мы не падлічвалі»


Сацыёлагі могуць дакладна сказаць чый, на думку большасці беларусаў, Крым, ці братэрскі нам народ Расея, і ці гатовыя мы да зменаў. Але адказу на галоўнае пытанне: ці дагэтуль Лукашэнка народны прэзідэнт, – у іх няма.

«Рэйтынгу Лукашэнкі мы не падлічвалі. Гэтая фігура замоўчвання для даследчыкаў», – тлумачыць госць праграмы «Размова дня» кіраўнік Беларускай аналітычнай майстэрні (БАМ, Варшава) Андрэй Вардамацкі.

Беларускае грамадства выступае за перамены, але адначасова адчувае марнасць сваіх памкненняў. Прынамсі, такія высновы можна зрабіць на падставе сацыялагічных даследаванняў.

«Людзі гатовыя да пераменаў, але з іншага боку – у іх адчуванне немагчымасці гэтых пераменаў. Людзі не бачаць, што яны нешта могуць зрабіць», – зазначае суразмоўца Святланы Калінкінай, вядоўцы праграмы.

Пры гэтым сацыёлаг падкрэслівае, што настроі могуць мяняцца вельмі хутка. Літаральна за месяц да таго, як украінцы выйшлі на Майдан у Кіеве, ніхто не мог і ўявіць, што ў краіне саспее рэвалюцыя.

– Чаму беларусы сталі лепш пачувацца пасля перавароту ва Украіне?

– Колькі беларусаў падтрымлівае канцэпцыю расейскага Крыму?

– Чаму, на думку сацыёлагаў, адышоў час апазіцыі?

На гэтыя ды іншыя пытанні адказвае госць Святланай Калінкінай у праграме «Размова дня» – кіраўнік Беларускай аналітычнай майстэрні Андрэй Вардамацкі.