Рэферэндум 1996 году як дзяржаўны пераварот


Другі ў гісторыі незалежнай Беларусі рэферэндум адбыўся 24 лістапада 1996 году. Ён канчаткова замацаваў дзяржаўную ўладу ў руках прэзідэнта.

Падзелу ўладаў дэ-факта быў пакладзены канец. Акрамя таго, беларусы вырашылі караць злачынцаў смерцю, адзначаць Дзень незалежнасці 3 ліпеня, а таксама адмовіліся свабодна купляць-прадаваць зямлю і выбіраць мясцовыя ўлады.

Правядзенню рэферэндуму папярэднічаў шэраг падзеяў: адмова Вярхоўнага Савету праводзіць рэферэндум, скліканы Лукашэнкам Усебеларускі сход, рашэнне Канстытуцыйнага суду аб неадпаведнасці вынесеных на рэферэндум пытанняў Канстытуцыі краіны, паездка Лукашэнкі па падтрымку ў Маскву, зняцце з пасады старшыні Цэнтральнай выбарчай камісіі Віктара Ганчара, разгляд Канстытуцыйным судом справы аб імпічменце Лукашэнку, прыезд у Менск дэлегацыі Расеі, якая ўлагодзіла сітуацыю.

Хада гэтых падзеяў будзе адноўленая ў фільме. Вынікам – змены ў Канстытуцыю, роспуск Вярхоўнага Савету, адстаўкі сяброў ураду і сяброў Канстытуцыйнага суду. Апазіцыя, сябры Канстытуцыйнага суду, незалежныя палітолагі назвалі рэферэндум дзяржаўным пераваротам, прававым Чарнобылем. У Беларусі ўсталявалася дыктатура.

Сведкі – Аляксандр Дабравольскі (былы дэпутат Вярхоўнага Савету 13 склікання) і Міхаіл Пастухоў (былы сябра Канстытуцыйнага суду).

Фота на перадпраглядзе novychas.by